“Белпошта” лічыць немэтазгодным уключэнне ў каталог газеты “Вольнае Глыбокае”. Такі адказ атрымаў рэдактар Уладзімір Скрабутан пасля спробаў зарэгістраваць сваё выданне ў афіцыйнай сістэме падпіскі.

Паштовы манапаліст спасылаецца на заканадаўства, якое не абавязвае яго ўключаць у падпіску ўсіх ахвочых. Усё нібыта залежыць ад волі “суб’ектаў гаспадарання”.

Падпіска на “Вольнае Глыбокае” была скасаваная ў 2006 г. З таго часу дапамагаць у распаўсюдзе выдання не рызыкуюць і прыватныя гандляры. Радыё "Свабода" апавядае сам рэдактар Уладзімір Скрабутан: “Я іду ў краму, знаходжу гаспадара і пытаюся, ці хоча ён прадаваць маю газету. Ён кажа: ”Хачу!” Мы заключаем дамову, а назаўтра да яго з’яўляецца “ідэолаг” з райвыканкаму і кажа: “Ты больш не атрымаеш ліцэнзіі, калі будзеш прадаваць “Вольнае Глыбокае”. Вось на гэтым і скончваюцца нашыя адносіны ў якасці двух “суб’ектаў гаспадарання”.

“Вольнае Глыбокае” – адзінае недзяржаўнае выданне ў Віцебскай вобласці.

***

Непрыемнасці з уладамі маюць і незалежныя журналісты на Магілёўшчыне. Газета “Бобруйский курьер” у чарговы раз вымушаная апраўдвацца за тое, што журналісты… робяць сваю справу.

Міністэрства інфармацыі патрабуе ад выдання “падрабязных тлумачэнняў” з нагоды артыкула Веры Івановай "Из бараков — в трущобы", апублікаванага ў лютым г.г. на тэму незаконнага высялення некалькіх сем’яў.

Нагодай для запыту Мінінфармацыі стала скарга на газету з Бабруйскага гарвыканкама. Гарадскія чыноўнікі наракалі, што “Бобруйский курьер” “працягвае практыку публікацыі матэрыялаў, якія ўтрымліваюць непраўдзівую інфармацыю, што стварае негатыўнае меркаванне пра дзейнасць мясцовых выканаўчых органаў”, і просяць Міністэрства “ўжыць больш строгія захады”.

Рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка паведаміў Беларускай асацыяцыі журналістаў, што газета перадала Міністэрству дакументы, якія пацвярджаюць, што непраўдзівую інфармацыю падае якраз мясцовая ўлада, а не журналісты.

По словах А.Санаценкі, гэтай жа тэме было прысвечана некалькі рэпартажаў на афіцыйных тэлеканалах “ОНТ” і “Лад”, апублікавана два матэрыялы ў "Комсомольской правде» в Белоруссии". Тым не менш, прэтэнзіі выклікала менавіта публікацыя ў незалежнай мясцовай газеце. За крытычныя артыкулы ў “Бобруйском курьере” гарадскія чыноўнікі скардзяцца ў Менск не ўпершыню.

***

А вось у Слоніме незалежным журналістам удалося атрымаць на рукі пісьмовае пацверджанне таго, як “бульдозернымі метадамі” забяспечваюцца падпісныя наклады на мясцовы “афіцыёз”.

Рэдактарка дзяржаўнага “Слонімскага весніка” Марыя Данюк разаслала лісты кіраўнікам дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў горада, у якім просіць “за кошт работнікаў, прафкама альбо арганізацыі” забяспечыць падпіску на сваё выданне. І спасылаецца на адпаведнае “распараджэнне кіраўніка раёна Іосіфа Паўлюкевіча”.

Больш за тое, да 25 сакавіка кожнаму кіраўніку дзяржустаноў неабходна пісьмова праінфармаваць ідэалагічны аддзел райвыканкама, колькі падпісчыкаў на “Слонімскі веснік” удалося “арганізаваць”.

Такім чынам, прадстаўнікі слонімскай вертыкалі нават насуперак волі людзей настроеныя давесці ім, што “мэтазгодна” чытаць менавіта дзяржаўную раёнку. Паралельна літаральна на мінулым тыдні “Белпошта” адмовіла у распаўсюдзе праз падпіску недзяржаўным слонімскім рэгіянальным выданням “Газета Слонімская” і “Отдушина”.