30 лістапада  Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынес смяротны прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г.  Пасля тэракту ў метрапалітэне 15 чалавек загінулі, сотні людзей былі параненыя. Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе запатрабаваў для абодвух абвінавачаных выключнай меры пакарання – смяротнай кары.

Праваабаронцы, што ўдзельнічалі ў працэсе, заявілі, што ў справе вялікая колькасць нестыковак, а абвінавачанне будавалася, перш за ўсё, на відэаматэрыялах з камер назірання метрапалітэну. Тым часам, абаронцы абвінавачаных сцвярджаюць, што Канавалава і Кавалёва на відэа не пазнаюць нават іх бацькі. Адзін з адвакатаў наогул заявіў, што прадстаўленыя суду матэрыялы – не больш, чым мантаж.

Аднак з пазіцыяй абвінавачання згодны і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка (на фота) , які яшчэ 19 лістапада ў інтэрв’ю праграме «Весткі ў суботу» на канале «Расія-24» канстатаваў, што абвінавачаныя ў выбуху ў мінскім метро павінны панесці самае суровае пакаранне: «Усё наша грамадства перажыло шок , – адзначыў кіраўнік Беларусі. – Гэта недаравальна, і я як прэзідэнт лічу, што павінна быць самае жорсткае пакаранне за падобныя дзеянні».

Тым часам, амаль 50 тысяч карыстальнікаў інтэрнэту выказаліся за тое, каб падазраваным смерцю падазраваных у выбухах пакінуць жыццё. Гэтыя петыцыі можна было падпісаць тут і тут.

 Таксама 28 лістапада беларускія праваабаронцы распаўсюдзілі заяву адносна патрабавання дзяржаўнага абвінаваўцы аб прымяненні смяротнага пакарання ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Блізкія Уладзіслава Кавалёва сказалі, што будуць звяртацца да кіраўніка краіны з просьбай аб памілаванні.

Сімвалічна, што ў гэты дзень, 30 лістапада, па ўсім свеце прайшла акцыя супраць смяротнага пакарання.  Амаль паўтары тысячы гарадоў з 87 краін свету прынялі ўдзел у акцыі, а таксама з нагоды акцыі ў гэтыя дні ў Рыме праходзіць кангрэс супраць смяротнага пакарання.

Праваабаронцы пратэстуюць

Прысуды не адпавядаюць міжнародным стандартам справядлівай судовай працэдуры, лічыць прадстаўнік Amnesty International.

«У нас ёсць сур’ёзныя засцярогі, што і Дзмітры Канавалаў, і Уладзіслаў Кавалёў падвяргаліся жорсткаму абыходжанню з мэтай прымусіць іх да прызнання, і што гэты працэс не вытрымлівае міжнароднай ацэнкі», — сказаў Джон Далгайзэн, намеснік дырэктара рэгіянальных праграмаў у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Беларусь мае недахопы сістэмы правасуддзя і рэгулярна парушае міжнародныя нормы справядлівага судовага разбору, існуе высокая рызыка судовай памылкі і пакарання невінаватага чалавека», — сказаў ён.

Прадстаўнік Amnesty International звярнуў увагу на тое, што ў часе судовага разбору Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся ад сваіх прызнанняў, атрыманых, як ён сцвярджае, пад ціскам. Ён заявіў, што падчас допыту ён пачуў крыкі Дзмітрыя Канавалава і палічыў, што наступным будуць катаваць яго. Яго маці паведаміла, што абодва яны былі збітыя падчас допыту. Парушыўшы іх права на прэзумпцыю невінаватасці, раніцай 13 красавіка прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што двое мужчын, якія былі затрыманыя, прызналіся ў тэракце, а таксама ў папярэдніх выбухах у Беларусі. На самай справе, Канавалаў і Кавалёў у той дзень не былі дапытаныя.

Паводле праваабаронцы Людмілы Гразновай (на фота), смяротнае пакаранне Кавалёву і Канавалаву — гэта і спосаб застрашвання. І гэта сведчыць пра тое, што суд не ёсць незалежным.

 «Апошні ёсць шанец для ўстанаўлення нейкай стабільнасці, спакою і ўпэўненасці ў будучым — гэта памілаванне з боку прэзідэнта. Крок вельмі сур’ёзны, які дасць яму магчымасьць не толькі атрымаць падтрымку, але і адчуць грамадзянам уласную бяспеку. Таму яшчэ не ўсё страчана. Зараз адзінае, што застаецца для ўсіх, хто кіруецца Канстытуцыяй, думае заставацца ў гэтай краіне, — толькі падпісваць петыцыю за тое, каб выратаваць жыццё гэтым хлопцам. І петыцыю супраць смяротнай кары. Гэта самае галоўнае».

***

Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі смерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасць вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў, хаця Беларусь, як чалец АБСЕ, абавязаная «прадстаўляць грамадзкасці інфармацыю адносна ўжывання смяротнага пакарання».

Артыкулы па тэме

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"

Уладам і жыхарам Беларусі нагадалі пра праблему смяротнага пакарання

Праваабаронцы распаўсюдзілі зварот аб недапушчальнасці смяротнага пакарання ў Беларусі

Супраць смяротнага пакарання ўсе сродкі добрыя