Трэнінг правяла Эрміна Масмэер, праграмная дырэктарка аддзелу Генеральнага дырэктарату Еўрапейскай Камісіі па супрацоўніцтве ў галіне правоў чалавека. Цягам двух дзён студэнты і выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Вільня), а таксама беларускія адвакаты і праваабаронцы засвойвалі магчымасці выкарыстання онлайн-рэсурсаў, прадстаўленых на сайце Еўрапейскай Камісіі па навучанні адвакатаў правам чалавека (HELP).

Накіраваны на падтрымку супольнасцяў выкладчыкаў правоў чалавека ў Еўропе, сайт HELP прапануе шматлікія матэрыялы для юрыстаў і ўсіх зацікаўленых у праваабарончай дзейнасці, карысныя як для прафесійнай дзейнасці, гэтак і для індывідуальнай абароны сваіх правоў.

У час семінару ў Вільні ўдзельнікам былі прапанаваныя новыя метады ў навучанні правам чалавека для юрыстаў, а таксама магчымасці адаптавання заняткаў да патрэб кожнага асобнага навучэнца. Таксама было прадэманстравана, як ужыць тэарэтычныя веды на практыцы і як самастойна арганізаваць навучальныя заняткі.

У дадатак да новых навыкаў выкладання ўдзельнікі разабралі судовыя справы, што разглядаліся Еўрапейскім Судом па шэрагу артыкулаў Канвенцыі: арт. 6. Права на справядлівы суд; арт. 10. Свабода выказванняў; арт. 11. Свабода сходаў. За мэту разглядаў ставілася лепшае разуменне таго, чым кіраваўся Суд, і як насамрэч прынцыпы правоў чалавека могуць выкарыстоўвацца ў судовых справах.

Семінар быў арганізаваны ў межах праграмы “International Law in Advocacy” Сеткі Дамоў правоў чалавека пры падтрымцы Міністэрстваў замежных спраў Літвы і Нарвегіі, АБСЕ, Еўрапейскай Камісіі і Фундацыі Дамоў правоў чалавека.