171 выбарчы ўчастак у Беластоку і Падляшскім ваяводстве ўсяго за адзін дзень галасавання паспелі наведаць удзельнікі праекту. Яны былі афіцыйна зарэгістраваныя Дзяржаўнай выбарчай камісіяй ў якасці міжнародных назіральнікаў.

Удзельнікі фіксавалі адпаведнасць усяго працэсу міжнародным стандартам і нацыянальнаму заканадаўству Польшчы.

У выніковай справаздачы было зафіксавана, што ў цэлым выбары прайшлі «на ўзроўні».

Сям’я – гэта святое
Тым не менш, назіральнікі, сярод якіх большасць складалі студэнты ЕГУ і маладыя прадстаўнікі беларускіх НГА, заўважылі шэраг адхіленняў ад міжнародных прынцыпаў справядлівых і вольных выбараў.

«Найбольш распаўсюджанае парушэнне – галасаванне ўсёй сям’ёй. У Польшчы гэта норма», – гаворыць каардынатарка праекту Анастасія Матчанка з Аб’яднанага цэнтру беларускіх ініцыятыў (JuBIC, Літва).

Сямейнае галасаванне – не такое і нявіннае парушэнне. Не сакрэт, што адзін з супругаў такім чынам можа кантраляваць выбар іншага, які не хоча ісці на сварку і лепш прагаласуе так, як жадае муж або жонка. Калі чальцы камісіі не бачаць патрэбы развесці сям’ю па розных кабінках, гэткая масавая практыка можа істотна паўплываць на канчатковыя лічбы ў пратаколах.

Зафіксаваныя і іншыя працэдурныя парушэнні – шматлікія факты адкрытага галасавання (калі выбар асобы бачны); беспарадак на ўчастку падчас масавых наплываў выбаршчыкаў (напрыклад, пасля сканчэння імшы ў прылеглым касцёле); ды адсутнасць шмат на якіх участках прыстасаванняў для інвалідаў.

«Нам бы толькі такія парушэнні»
Пры ўсіх працэдурных недакладнасцях, у цэлым польскія выбары беларускім назіральнікам спадабаліся. Як зафіксавана ў дакладзе, у адрозненне ад Беларусі, тут няма датэрміновага галасавання, падчас якога так зручна фальшаваць вынікі.

Тут не пабачыш на ўчастку і буфетаў, дзе прадаваўся б алкаголь па зніжаных коштах.

А самае галоўнае – ніякіх сумневаў не выклікае 100%-ная адпаведнасць лічбаў у пратаколах рэальным вынікам выбараў. Падлік галасоў адбываўся адкрыта, празрыста, пад пільным вокам назіральнікаў. Назіральнікі і камісія паважалі адно аднаго, не перашкаджалі адзін аднаму працаваць, і пры гэтым абодва бакі засталіся задаволеныя.

Удзельніца місіі Наталля Якаўлева (на здымку) з Бабруйска, якая яшчэ ў красавіку была назіральніцай на выбарах у Беларусі, падчас падліку галасоў на 44-ым участку ў Беластоку не магла стрымаць эмоцыяў: «Я проста на сёмым небе! Вось як трэба лічыць галасы! І гэта – за нейкіх 50 км ад беларускай мяжы…»

Назіральніца не магла паверыць, што чальцы камісіі не маюць нічога супраць таго, каб яна, стоячы каля самага стала, правярала і фатаграфавала кожны голас, кожны пратакол. Яны адказалі на ўсе зададзеныя пытанні, колькасць подпісаў у спісах і бюлетэняў у скрыні сышлася з дакладнасцю да голасу, таму ў сапраўднасці вынікаў не было падставы сумнявацца.

«Цяпер мне проста сорамна за нашых, беларускіх арганізатараў выбараў», – з горыччу кажа Наталля, прыгадваючы, як у роднай краіне на выбарчым участку ёй давялося сутыкнуцца з адкрытым хамствам і запалохваннем з боку камісіі ды поўнай закрытасцю працэсу падліку.

Дапамагалі мясцовыя беларусы
Пра тое, што беларусам яшчэ трэба пастарацца, каб у іх краіне выбары адбываліся, як у Польшчы, было заяўлена і на выніковай прэсавай канферэнцыі ўдзельнікаў місіі ў Беластоку, у памяшканні Радыё «Рацыя».Беларускае радыё Беластока «Рацыя» супольна з Адукацыйным цэнтрам «Польшча – Беларусь» сталі асноўнымі партнёрамі арганізатараў у Польшчы.

Яны таксама дапамаглі знайсці выбарчых экспертаў у Варшаве, дзе ўдзельнікі праекту правялі першы дзень місіі, і арганізавалі сустрэчу з Беластоцкай акруговай выбарчай камісіяй.

Увагу да місіі праявілі польскія СМІ – рэпартажы аб ходзе назірання паказала мясцовае тэлебачанне, вынікі і рэкамендацыі былі асветленыя навінавымі агенцтвамі і Інтэрнет-парталамі.

Прыезд беларусаў зацікавіў Польшчу ў першую чаргу таму, што для гэтай краіны як міжнароднае, так і ўнутранае назіранне – рэдкасць, экзотыка. Арганізатары місіі спадзяюцца, што ім удалося справакаваць унутры краіны жаданне да ўдасканальвання выбарчага працэсу, у тым ліку да больш актыўнага ўнутранага назірання.

Ёсць з чым параўнаць
Місіі, у складзе якой было і па некалькі чалавек з Літвы і Швецыі, ужо ёсць з чым параўнаць выбары ў Польшчы. У рамках праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» ужо адбыўся шэраг місіяў у самыя розныя краіны рэгіёну, такія як Беларусь, Украіна, Літва, Грузія, а таксама Нарвегія.

Праект будзе працягвацца, на прыцэле ў арганізатараў – маючыя адбыцца выбары ў Латвіі, Швецыі, Босніі і Герцагавіне.

Праект “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” ладзіцца Аб’яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятыў, Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам.

Удзел у ім бяруць маладыя людзі з Беларусі (студэнты ЕГУ і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў), студэнты і грамадскія актывісты з Літвы і Швецыі.

Праект фінансуецца МЗС Нарвегіі і Шведскім Міжнародным Ліберальным Цэнтрам.

Удзельнікі не толькі назіраюць за выбарамі, але праходзяць папярэднюю прафесійную падрыхтоўку – акадэмічны курс па назіранні за выбарамі ў рамках праграмы ЕГУ з удзелам выкладчыкаў з Беларусі, Літвы, Нарвегіі, пасля якога здаюць экзамен і атрымліваюць адпаведны дыплом.

Documents: