Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка 1 жніўня накіраваў зварот старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Ён просіць азнаёміць членаў акруговых камісій з рашэннем Камітэта ААН па правах чалавека аб дыскрымінацыі па палітычных матывах.
У звароце Судаленка нагадвае, што ў 2004 годзе акруговай выбарчай камісіяй Хойніцкай выбарчай акругі яму было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
“У камісіі палічылі, што я няправільна паказаў сваё месца працы. У 2010 годзе Камітэт ААН па правах чалавека разгледзеў маю скаргу і прыйшоў да высновы аб парушэнні з боку Рэспублікі Беларусь маіх правоў на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў і балатавацца ў дэпутаты «палаты прадстаўнікоў». Таксама камітэт прыйшоў да высновы аб прымяненні да мяне забароненай дыскрымінацыі па палітычных матывах”, – паведаміў Судаленка.
Паколькі з 14 па 23 жніўня акруговыя выбарчыя камісіі будуць праводзіць рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты, з мэтай недапушчэння падобных парушэнняў у будучыні, Судаленка просіць кіраўніка ЦВК азнаёміць з дадзеным рашэннем Камітэта ААН па правах чалавека ўсіх членаў акруговых выбарчых камісій.
“Лідзія Ярмошына зараз заваблівае кандыдатаў, скардзіцца, што іх мала. Аднак не выключана, што ў асобных акругах будзе зачыстка пад кандыдата ад улады, як гэта адбылося са мною ў 2004 годзе. Таму я прашу азнаёміць членаў выбаркамаў з рашэннем міжнароднай інстанцыі, якая прызнала парушэнне пры адмове мне ў рэгістрацыі”, – дадаў праваабаронца.
Выпадкі дыскрымінацыі па палітычных матывах ужо мелі месца ў розных гарадах Беларусі цягам падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў, што пройдуць у Беларусі 23 верасня. Напрыклад, не ўсе жадаючыя актывісты могуць трапіць у склад участковых выбарчых камісій.
Бярозаўскія актывісты: “Дыскрымінацыя па палітычных перакананнях вядзе да недаверу выбаршчыкаў да вынікаў выбараў”
Партыя БНФ была адзінаю палітычнаю партыяй, якая вылучыла сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій, але прадстаўнікоў “іншых рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў” уключылі ў іх склад, а прадстаўнікоў партыі – не.
Само паседжанне па стварэнні ўчастковых выбарчых камісій у Бярозе насіла фармальны характар і фактычна звялося да безальтэрнатыўнага зацверджання спісаў персанальнага складу камісій, складзеных выканаўчай ўладай.
Сябры Партыі БНФ, якіх не ўключылі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, лічаць, што мае месца дыскрымінацыя па палітычных перакананнях, што ў канчатковым выніку вядзе да недаверу выбаршчыкаў да вынікаў выбараў. Яны звярнуліся ў суд з патрабаваннем прызнаць неўключэнне іх Бярозаўскім раённым выканаўчым камітэтам у склад участковых выбарчых камісій неправамерным і просяць абавязаць выканкам прыняць новае рашэнне па стварэнні ўчастковых выбарчых камісій з уключэннем у іх сябраў Партыі БНФ.
Неўключэнні ў склад камісій у Маладзечна: занадта стары, занадта малады, беспрацоўны
Гэтаксама ў Маладзечна прадстаўнікі ПБНФ не былі ўключаныя ў склад камісіі. Супрацоўнікі райвыканкама патлумачылі прычыны неўключэння: адзін з вылучэнцаў – занадта стары, другі – занадта малады, трэці – беспрацоўны (“хай працу шукае”), тыя, што ў дэкрэтным адпачынку – “хай за дзецьмі глядзяць”. З іншага боку, райвыканкам не задаволіла нават ідэальная згодна гэтых крытэраў кандыдатка – 34-гадовая жанчына, юрысконсульт.
Самі вылучэнцы сцвярджаюць, што іншага выніку яны і не чакалі, бо ўжо не першы раз спрабуюць патрапіць у лік сябраў камісіі.
Прадстаўнікі БНФ лічаць тлумачэнні райвыканкама “проста смешнымі” і адказваюць на прэтэнзіі:
“Калі хто з нас збіраўся працаваць у камісіі, то рабіў гэта, усведамляючы, што яму прыйдзецца, напрыклад, кудысьці падзець на гэты час дзіця ці адкласці выкананне асноўнай працы. Беспрацоўным адмовілі, напэўна, таму, што над імі няма начальніка, якога яны мусілі б баяцца”.
Дыскрымінацыя аднаго з вылучэнцаў паводле пажылога ўзросту выглядае неабгрунтаванай на тым фоне, што ў склад камісіі Крынічнага ўчастка бяззменна уваходзіць ягоны аднагодка – Уладзіслаў Осіпаў, першы сакратар ГК КПБ. Акрамя таго, амаль у кожнай камісіі звычайна працуюць пажылыя прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Таксама вылучэнцы звяртаюць увагу на той факт, што выбарчае права грамадзянін атрымоўвае з 18 гадоў. Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае іншых абмежаванняў па ўзросце для вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі. Чаму тады райвыканкам сцвярджае, што 23 гады – занадта малады ўзрост, каб працаваць у камісіі?
У суд звярнуліся і магілёўскія актывісты – у камісіі не патрапілі 39 чалавек
Неўключэнне ў склад участковых камісій абскарджваюць і магілёўскія дэмакраты. З адпаведнымі скаргамі актывісты абласной грамадскай арганізацыі БНФ “Адраджэнне” і Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” звярнуліся ў суд Магілёва.
Яны просяць суд адмяніць рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва ад 6 жніўня 2012 года аб утварэнні выбарчых камісій і ўключыць у іх склад прадстаўнікоў БНФ “Адраджэнне” і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Скаржнікі таксама просяць запрасіць прадстаўнікоў іх арганізацый на адпаведнае пасяджэнне і вынесці прыватнае вызначэнне на адрас адміністрацыі Ленінскага раёна за парушэнне выбарчага заканадаўства.
Пасяджэнне адміністрацыі Ленінскага раёна, на якім зацвярджаўся склад участковых выбарчых камісій, адбылося таемна, каб на ім не маглі прысутнічаць назіральнікі. На гэтае пасяджэнне ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый Магілёва патрапіць таксама не здолеў. Так, у склад участковых камісій не патрапілі 13 вылучэнцаў ад БНФ “Адраджэнне” і 26 ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ўчастковыя камісіі былі сфармаваны ў сярэднім з 15-16 чалавек:
“Выбарчым Кодэксам прадугледжваецца колькасны склад участковых камісій ад 4 да 19 чалавек. Неўключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных партый у склад камісій адбылося па надуманых прычынах і, верагодна, па разнарадцы зверху”.
Артыкулы па тэме
Чым бліжэй выбары, тым большы ціск на грамадзянскую супольнасць Беларусі
4 жніўня – Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі
Л.Ульяшына: Парушэнні ў беларускай адвакатуры вядуць да сістэмных парушэнняў абароны правоў чалавека