12 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе была разгледжаная скарга Алеся Бяляцкага на папярэдняе рашэнне суда аб спагнанні з яго больш як 140 мільёнаў рублёў у якасці пені за несвоечасовую сплату падаткаў з вялікіх прыбыткаў.
Першапачаткова раённы суд пастанавіў спагнаць з Алеся Бяляцкага больш за 352 мільёны рублёў, але потым праіндэксаваў выплату да сумы ў 750 мільёнаў рублёў. У сваю чаргу, інспекцыя па падатках і зборах прызначыла пеню за несвоечасовую сплату падаткаў у 140 мільёнаў рублёў. Абаронца Алеся Бяляцкага спрабаваў давесці неправамернасць такога рашэння, аднак гарадскія суддзі скаргу адхілілі.
Таксама 6 ліпеня Наталля Пінчук, жонка кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, паведаміла, што Партызанскі суд Мінска вырашыў канфіскаваць кватэру, дзе працавалі праваабаронцы-вясноўцы, а таксама частку прыватнай маёмасці. У Партызанскім судзе Мінска паведамілі, што рашэнне суд прыняў 4 ліпеня і яно высланае Алесю Бяляцкаму ў калонію.
Бяляцкага ўганаравалі прэміяй Пэтры Кэлі
У той жа час Алесь Бяляцкі атрымлівае падтрымку на міжнародным узроўні.
Фундацыя імя Генрыха Бёля ўзнагародзіла Алеся Бяляцкага прэміяй Пэтры Кэлі.Пра ўганараванне жонцы Бяляцкага Наталлі Пінчук паведаміў у лісце былы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Крыстаф Вайль. У лісце напісана, што прэмія прысуджана на знак прызнання дзейнасці Алеся Бяляцкага ў справе адстойвання правоў чалавека ў Беларусі.
«Сардэчна віншую яго з гэтай узнагародай, якую ён заслужыў у асаблівай ступені. Імя Алеся Бяляцкага сімвалізуе асабістую прыстойнасць і самаадданасць у барацьбе за правы тых, хто зазнае рэпрэсіі», — піша Вайль.
Бяляцкага падтрымала пераможца “Еўрабачання-2012” Ларын
13 ліпеня ў Мінску з жонкай палітвязня Алеся Бяляцкага, праваабаронцам з «Вясны» Валянцінам Стэфановічам і незалежнымі журналістамі сустрэлася шведская спявачка Ларын (на фота з жонкай Бяляцкага Наталляй Пінчук), каб больш даведацца пра лёс беларускіх палітвязняў і сітуацыю ў Беларусі
Жонка зняволенага кіраўніка «Вясны» Наталля Пінчук распавяла, што ад сустрэчы з Ларын у яе засталіся самыя цёплыя ўражанні: «Было відавочна тое, што яна не фармальна паставілася да гэтай сустрэчы. Яна вельмі пранікнёна, вельмі зацікаўлена фармулявала тыя ці іншыя пытанні – як у адносінах да асабістай сітуацыі, звязанай з Алесем, так і ўвогуле ў размове пра сітуацыю ў краіне і з іншымі палітвязнямі». Але асобна Наталля адзначыла тыя словы падтрымкі, якія Ларын перадала Алесю Бяляцкаму: «Ларын пакінула аўтограф уласна для Алеся: «Трымайцеся свайго сэрца і розуму!». Вельмі мудрае пажаданне. Мудрае – не па гадах, таму што дзяўчына маладая, і яна здолела такім чынам выказаць самае істотнае, што неабходна Алесю ў тых цяжкіх умовах, у якіх ён зараз знаходзіцца».
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зазначыў, што як мага болей стараўся распавесці Ларын пра беларускіх палітвязняў, акцэнтаваў увагу на лёсе Зміцера Дашкевіча, які зараз падвяргаецца вельмі моцнаму ціску. Распавёў і пра падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску, а таксама прэзентаваў выдадзены «Вясной» фотаальбом пра суды над фігурантамі гэтых падзеяў, «Агляд парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за 2010 год», дзе падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў падрабязна асвятляюцца.
Падчас гэтай сустрэчы Ларын таксама падпісала петыцыю кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».
***
Крымінальная справа супраць Алеся Бяляцкага была заснаваная на інфармацыі, прадстаўленай беларускім уладам Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнай пракуратурай Польшчы па рахунках, адкрытых Бяляцкім у замежных банках дзеля дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна». Беларускія ўлады расцанілі грошы на рахунках Бяляцкага як ягоны асабісты прыбытак і абвінавацілі яго ва ўтойванні сродкаў. Краіны ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Артыкулы па тэме
Л.Ульяшына: Парушэнні ў беларускай адвакатуры вядуць да сістэмных парушэнняў абароны правоў чалавека