30 чэрвеня краіны-сябры Савета па правах чалавека ААН будуць галасаваць “за” ці “супраць” падаўжэння мандата Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У сувязі з гэтым FIDH заклікае краіны,што яшчэ не вызначылі сваю пазіцыю, да падтрымкі дадзенага мандата. У рамках гэтай кампаніі FIDH апублікавала “перахопленую” размову ў Facebook паміж прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і некалькімі кіраўнікамі дзяржаў, якія яшчэ не вызначылі сваю пазіцыю па маючым адбыцца галасаванні.

Гэты відэа-запіс адсылае да спецыяльна створанай вэб-старонкі Act4Belarus.org. Сайт кампаніі, даступны на французскай, англійскай і рускай мовах, дазваляе карыстальнікам непасрэдна звяртацца ў сетцы Twitter да лідэраў краінаў, яшчэ не вызначылі сваю пазіцыю (Вялікабрытанія, Эквадор, Кенія, Марока, Нігерыя, Кот-д’Івуар, Эфіопія, і г.д .), каб пераканаць іх галасаваць за падаўжэнне мандата спецдакладчыка па Беларусі.

“Нягледзячы на ​​касметычныя меры, характар ​​рэжыму, што знаходзіцца ва ўладзе амаль 22 гады, не змяніўся. Беларуская грамадзянская супольнасць па-ранейшаму знаходзіцца пад ціскам. За намі сочаць, ладзяць правакацыі”, – заяўляе Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH і старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які правёў амаль тры гады ў беларускіх турмах праз сваю праваабарончую дзейнасць. “Спецыяльны дакладчык ААН – гэта адзіны міжнародны механізм кантролю і інфармавання аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, які ў нас застаўся. Яго мандат павінен быць падоўжаны”.

Сістэмны характар ​​парушэнняў правоў чалавека, якія дапускаюцца сёння ў Беларусі, пацвярджаецца сведчаннямі вядомых беларускіх праваабаронцаў – Алены Танкачовай (Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend), Андрэя Бастунца (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Раісы Міхайлоўскай (Беларускі дакументацыйны цэнтр), Валянціна Стэфановіча (Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Наталлі Манькоўскай (Праваабарончы цэнтр “Ідэнтычнасць”). У эксклюзіўных інтэрв’ю, апублікаваных на сайце Act4Belarus.org, яны распавядаюць пра трывожныя здарэнні і сістэматычныя парушэнні розных правоў: свабоды прэсы і свабоды выказвання, свабоды асацыяцыяў, правоў асобаў ЛГБТ, а таксама пра наяўнасць у краіне смяротнага пакарання, палітычных зняволеных і гэтак далей.

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Міклаш Харасці, заявіў у інтэрв’ю для сайта Act4Belarus.org:

“Каб быць як мага больш дакладным, Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне (…), адзінай краінай у Еўропе, дзе 70% эканомікі знаходзіцца пад непасрэдным кантролем прэзідэнта, адзінай краінай у Еўропе, дзе прэзідэнт мае поўны кантроль над грамадствам і адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжо 20 гадоў няма апазіцыі ў парламенце”.

Праваабаронцы просяць карыстальнікаў Twitter і Facebook заклікаць лідэраў сваіх і іншых краінаў галасаваць за падаўжэнне мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі!

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, чый пост быў створаны ў 2012 годзе, мае наступныя паўнамоцтвы:

– Ажыццяўляць кантроль за сітуацыяй у галіне правоў чалавека ў краіне і даваць рэкамендацыі па яе паляпшэнні;

– Дапамагаць у ажыццяўленні рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў дакладзе Вярхоўнага камісара ААН Савету па правах чалавека;

– Дапамагаць беларускаму ўраду ў выкананні яго абавязальніцтваў, звязаных з правамі чалавека;

– Падтрымліваць і кансультаваць грамадзянскую супольнасць;

– Даследаваць, вывучаць і дзейнічаць, абапіраючыся на інфармацыйную базу, якая прадстаўляецца усімі ўдзельнікамі праваабарончых працэсаў у Беларусі;

– Штогод прадстаўляць справаздачу па сітуацыі Савету па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі ААН.

 120 штрафаў – заробкі для 55 міліцыянтаў

А тым часам 3 чэрвеня споўнілася 100 дзён з часу адмены санкцыяў ЕС у дачыненні да Беларусі. Аналіз ад праваабарончай арганізацыі «Libereco — Партнёрства па правах чалавека», заснаваны на маніторынгу беларускай арганізацыі «Вясна», паказвае, што рэпрэсіі становяцца менш прыкметнымі, але ў некаторых аспектах ціск на грамадзянскую супольнасць павялічыўся.


15 лютага 2016 года Рада замежных спраў ЕС прапанавала зняць санкцыі супраць Беларусі. Праз дзесяць дзён Рада Еўрапейскага Саюза ўхваліла гэтую прапанову. Рашэнне стала ключавой падзеяй у працэсе палітычнай рэабілітацыі Беларусі, якая працягваецца з сярэдзіны 2014 года. Ва ўмовах крызісу ва Украіне і пагаршэння стасункаў з Расіяй, Беларусь вітаюць як меркаванага стабільнага партнёра на ўсходняй мяжы ЕС. Тым не менш, санкцыі былі першапачаткова уведзены не з меркаванняў міжнароднай дыпламатыі, але дзеля таго, каб матываваць Беларусь палепшыць сітуацыю з вяршэнствам закона і паменшыць колькасць парушэнняў правоў чалавека.

Вынікі аналізу Libereco, які ахоплівае перыяд у 100 дзён пасля адмовы ад санкцый, заснаваныя на пераканаўчых сведчаннях. Становішча ў галіне правоў чалавека не палепшылася, а ў некаторых адносінах яно фактычна пагоршыліся ў параўнанні з 2015 г. Маштаб рэпрэсіяў захоўваецца на такім узроўні, каб не прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці.

Вырасла колькасць смяротных прысудаў



Даследаваны перыяд даў асабліва шакуючую карціну ў дачыненні да выкарыстання смяротнага пакарання. Будучы апошняй краінай у Еўропе, у якой дасюль існуе смяротнае пакаранне, Беларусь, падобна, не збіраецца памяншаць колькасць выпадкаў яго прымянення. Цягам 100 дзён з моманту заканчэння дзеяння санкцыяў колькасць смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю перавысіла сусветную статыстыку за 2015 год.

Артыкулы па тэме

Супольная пазіцыя беларускіх праваабаронцаў напярэдадні чарговага раунда Дыялога па правах чалавека

«Крытычная маса» ў Мінску скончылася брутальнымі затрыманнямі ўдзельнікаў

Беларускае правасуддзе супраць ААН. Чыя возьме?