Васіль Парфянкоў асуджаны на 6 месяцаў зняволення паводле абвінавачання ў парушэнні ўмоваў прэвентыўнага нагляду. У лютым 2011 года Парфянкоў быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў падчас прэзідэнцкіх выбараў, у жніўні таго ж года – памілаваны згодна з указам прэзідэнта і выйшаў на волю. Пасля ўдзелу ў акцыі салідарнасці з палітвязнямі 19 снежня 2011 года ён быў арыштаваны на 12 сутак, пасля чаго 5 студзеня 2012 года за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год.
Паводле меркавання абвінаваўчага боку, Васіль Парфянкоў тройчы парушыў рэжым прэвентыўнага нагляду. Аднойчы былы палітвязень спазніўся на адзначэнне ў органе, які ажыццяўляе нагляд. Двойчы супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго дадому ў той час, калі Васіль выходзіў у краму. 19 красавіка Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту г. Мінска паведаміў былому палітвязню пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па артыкуле 421 КК РБ, санкцыя якога прадугледжвае арышт тэрмінам да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года.
Пасля абвяшчэння судовага выраку Парфянкова пад варту не ўзялі. Калі Парфянкоў не абскардзіць вырак, пакаранне пачне дзейнічаць праз 10 дзён. Важна адзначыць, што справу разглядаў суддзя Сяргей Бандарэнка, які 24 лістапада 2011 года асудзіў старшыню Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага да 4,5 гадоў калоніі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да Васіля Парфянкова
Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць крымінальны пераслед Васіля Парфянкова выключна палітычна матываваным, звязаным з імкненнем уладаў спыніць ягоную актыўнасць, а таксама з жаданнем застрашыць іншых палітычных і грамадскіх актывістаў напярэдадні парламенцкіх выбараў. Гэта пацвярджаецца ўстанаўленнем прэвентыўнага нагляду ў адносінах да яшчэ двух былых палітвязняў – Уладзіміра Яроменка і Паўла Вінаградава.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе:
– неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі;
– спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да Васіля Парфянкова;
– зняцця (пагашэння) судзімасці з усіх незаконна асуджаных па падзеях 19 снежня 2010 года, што будзе расцэнена як крок да іх рэабілітацыі і дазволіць такім асобам працягнуць сваю палітычную дзейнасць, у тым ліку – балатавацца ў якасці кандыдатаў на выбарах усіх узроўняў.
Артыкулы па тэме
Касацыйная скарга Каваленкі адхіленая, актывіст аднавіў галадоўку (абноўлена)