Пасля арышту за Плошчу і прысуду на тры гады турмы Аляксандр Малчанаў страціў усё: працу слесара на заводзе БАТЭ, вучобу ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце. Калі ў верасні мінулага года пасля памілавання ён выйшаў на волю, то не змог знайсці сабе прымянення: на працу нідзе не бралі, на малы бізнэс не было сродкаў.

 «Хадзіў тут па заводах, але куды ні прыходзіў, адразу пыталіся: „Судзімы?“ — „Так“. Ну і ўсё. А яшчэ пыталіся, за што судзімы, і казалі: ідзі ты…», – распавядае бацька актывіста Валерый Малчанаў.

Зборам металалому Аляксандр заняўся ад безвыходнасці, каб зарабіць капейчыну. У 2010-м на Плошчу ён пайшоў дзеля прагі справядлівасці, кажа бацька:

«Быў бы я маладзейшы, можа, і я б пайшоў. Таму што цікава, што думае наш народ пра гэтыя выбары, пра ўсё. Нахабна падманваюць».

За лом, які каштаваў 737 тысяч рублёў, Малчанава пакаралі 1 годам 6 месяцамі зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адвакат Малчанава мае намер цягам адведзеных законам дзесяці дзён падаць апеляцыю ў Мінскі абласны суд.

У апошнім слове Аляксандр Малчанаў сваёй віны ў наўмысным крадзяжы не прызнаў, заявіўшы, што ён з сябрам 13 студзеня гэтага года збіраў безгаспадарныя прадметы на тэрыторыі недабудаванага і закінутага 20 гадоў таму цэху. Паводле ягоных слоў, раней на тэрыторыі цэху людзі збіралі металалом, і служба аховы нікога не затрымлівала

«Акрамя гэтага, прапануючы пазбавіць мяне свабоды, дзяржаўны абвінаваўца не ўлічыў, што калі мне прызначаць пазбаўленне волі, мае непрацаздольныя бацькі застануцца без апекі», – заявіў Малчанаў.

У судовую залу змагла прыйсці толькі маці Малчанава Галіна Андрэеўна, якая пакутуе на хваробу Паркінсана. Бацька Малчанава Валерый Уладзіміравіч — інвалід, які не можа пакідаць кватэры.

Галіна Малчанава заплакала, калі сыну вынеслі вырак:

«Нічога добрага я не чакала, таму што гэтае памілаванне — гэта хітры ход. Яны казалі, што ў турме яны нікому не патрэбныя. На свабодзе яны яшчэ больш нікому не патрэбныя. Ён хацеў на ногі ўстаць, а яму не далі. Ніяк. Нідзе нельга было на працу ўладкавацца. Ён сабе спіну надарваў… Што гэта ад добрага жыцця ён гэтае жалеза, гэтае смецце збіраў, за якое паўтара года строгага рэжыму атрымаў?»

***

19 снежня 2010 года Аляксандр Малчанаў браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Быў затрыманы 6 студзеня 2011 года ў сябе дома ў Барысаве. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў знявазе дзяржаўнага сцяга, які ён сарваў з будынка КДБ.

2 сакавіка 2011 года быў асуджаны на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 15 Магілёва. 14 верасня 2011 года быў памілаваны ўказам Лукашэнкі.

Артыкулы па тэме

Ціск і пагрозы для жыцця і здароўя – навіны пра беларускіх палітвязняў

У Вільні зноў згадалі пра Плошчу

19 снежня – год пасля выбараў