Паводле інтэрнет-рэсурсу “Беларускія навіны”, следства спрабуе “навесіць” на ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенку справу аб падпале ў 2004 годзе хаты былога начальніка мясцовай міліцыі Віталя Кацубы. Сам Кацуба прэтэнзій да затрыманых не мае.

Беларускае тэлебачанне паведамляла, што ў доме трох дзеячаў прадпрымальніцкага руху была знойдзеная выбухоўка і зброя. Такую ж версію выказаў і Прэзідэнт, звязаўшы затрыманых з выбухам у Менску падчас святкавання Дня незалежнасці: “Мы ўжо наеліся 3 ліпеня. Аўтаматы прыватніку захоўваць нельга. І іншыя гранаты там, выбуховыя прыстасаванні. Тэрору ў краіне я дапусціць не магу”.

Аднак затрыманым не выстаўленае абвінавачванне ў незаконным захаванні зброі. Як цвердзіць праваабаронца Алег Воўчак, “ніякай выбухоўкі ці зброі ў хатах Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі канфіскавана не было, бо яе там не было наагул. Былі канфіскаваныя звычайныя паяльнікі і волава, якое, як вядома, выкарыстоўваецца пры паянні”.

Тым не менш, па абвінавачванні ў “наўмысным знішчэнні або пашкоджанні маёмасці” двум затрыманым пагражае ад 3 да 10, Мікалаю Аўтуховічу – ад 7 да 12 гадоў турмы.

Улады абвяргаюць версію аб палітычным пераследзе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Паводле Лукашэнкі, пад маскай палітычных вязняў хаваюцца “тыповыя злачынцы”. Аднак эксперты лічаць, што прадпрымальнікі церпяць менавіта за сваю грамадскую дзейнасць. Мікалай Аўтуховіч – адзін з заснавальнікаў арганізацыі ветэранаў “Абаронца Айчыны”. Ён адмовіўся прыняць медаль з нагоды 20-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, выступае з крытыкай палітыкі ўладаў у дачыненні да праблем воінаў-афганцаў.

Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў – былыя палітвязні. З-за кратаў яны былі вызваленыя год таму, але дагэтуль былі прысуджаныя да абмежавання волі. На думку праваабаронцаў, гэта звязана з іх актыўным удзелам у руху прыватных прадпрымальнікаў, незадаволеных палітыкай дзяржавы.