Спецыяльны дакладчык па пытаннях аб правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці выказаў трывогу ў сувязі з адкрытым узнаўленнем беларускімі ўладамі палітыкі гвалтоўных масавых рэпрэсій у дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, журналістаў і палітычных праціўнікаў і заклікае спыніць пераслед і гвалт.
Яго заяву падтрымалі Спецыяльны дакладчык Майна Кіаі ды шэраг іншых экспертаў ААН.
25 і 26 сакавіка былі выкарыстаны жорсткія гвалтоўныя меры супраць дзесяткаў праваабаронцаў, як мясцовых, так і міжнародных, пасля таго, як сотні мірных дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць сацыяльнай палітыкі ўрада, былі жорстка атакаваны, адвольна арыштаваны і пазбаўлены волі, а потым у паскораным парадку аштрафаваны або прыгавораны да турэмнага зняволення на тэрмін ад аднаго да двух тыдняў. Справаздачы таксама паказваюць, што на месцы асноўных падзей быў адключаны Інтэрнэт.
“Падзеі апошніх выходных даказваюць наўмысны характар рэпрэсіўных мер, а таксама паказваюць адкрытае вяртанне ўлады да былой палітыкі масавых рэпрэсій супраць грамадзян, якія ажыццяўляюць або распаўсюджваюць абарону правоў чалавека, прадугледжаных Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі”, – падкрэсліў дакладчык.
З пачатку лютага дэманстранты пратэстуюць супраць указу, паводле якога ў дачыненні да асоб, што не працуюць больш за 183 дні і афіцыйна не зарэгістраваныя як беспрацоўныя, можа быць прыменены штраф.
Спадар Харасці “асабліва засмучаны” рэйдам у офісах НДА, такіх як праваабарончы цэнтр “Вясна”, што суправаджаліся фізічным гвалтам, а таксама знікненнем на тры дні палітычнага апанента ўладаў Міколы Статкевіча, які быў нарэшце вызвалены з СІЗА КДБ.
“Два тыдні таму я, разам з іншымі экспертамі ў галіне правоў чалавека, папярэджваў, што ўрад прэзідэнта Лукашэнкі, вядомы гісторыяй гвалтоўнага пераследу любой формы нязгодных меркаванняў, можа пайсці на далейшыя парушэнні”. Спадар Харасці выказвае шкадаванне, што яго засцярогі матэрыялізаваліся.
“Я буду працягваць пільна сачыць за сітуацыяй і заклікаць міжнародную супольнасць дамагацца пачатку дыялогу з праваабаронцамі і з тымі, хто садзейнічае мірным і дэмакратычным зменам у Беларусі”, – заключыў спадар Харасці.
Гэтую заяву падтрымалі Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і аб’яднанняў, спадар Майна Кіаі, Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў, спадар Мішэль Форст, і Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб падтрымцы і абароне права на свабоду меркаванняў і іх выказвання, спадар Дэвід Кэй.
Артыкулы па тэме