Салігорская пракуратура адмовіла ў завядзенні крымінальнай справы паводле факту самагубства праваабаронцы Яны Паляковай. Пра гэта радыё “Свабода” паведамілі ў пракуратуры.
“Праверка скончаная. Прыкмет таго, што Яну Палякову давялі да самагубства, не знойдзена”, – заявіў супрацоўнік пракуратуры.
Актывістка з Салігорска павесілася у ноч на 7 сакавіка, адразу пасля з’яўлення ў “Советской Белоруссии” здзеклівага ананімнага артыкулу. У асобе Я. Паляковай аўтар кпіў з усёй праваабарончай супольнасці краіны (“леваабаронцаў”).
Я. Палякова была асуджаная на 2,5 гады абмежавання волі – нібыта за паклёп на мясцовага міліцыянта Віктара Пугачова, якога яна вінаваціла ў пераследзе і шматлікіх актах запалохвання і жорсткага біцця. “Мяне хочуць дабіць“, – папярэджвала жанчына.
“Прысуд Яне Паляковай быў вынесены незаконна” – цяпер мяркуе праваабаронца Беларускага Хельсінскага камітэу Гары Паганяйла.
Суддзя Аляксандр Бураўцоў, які вынес прысуд, ад каментара ўстрымаўся. Гэтаксама як пераможца працэсу В.Пугачоў і галоўны рэдактар “СБ” Павел Якубовіч.
Пасля смерці праваабаронцы газета прыбрала фельетон з афіцыйнай старонкі. Аднак у Інтэрнэце копіі засталіся. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Ліцвіна ў адмысловай заяве сцвярджае, што артыкул стаўся “ганьбай для ўсёй журналісцкай супольнасці”.
Незалежнае грамадства Беларусі лічыць самагубцу “ахвярай сістэмы” і заклікае распачаць расследаванне паводле Артыкулу 145 КК “Давядзенне да самагубства”.
“Тое, што адбылося – гэта проста жахліва. Гэта нагадала мне нейкія савецкія часы, калі дзяржаўная сістэма ўсёй сваёй моцай цісне нейкага аднаго слабага маленькага чалавека,” – заявіў радыё “Свабода” праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч. На яго думку, гэта – “цкаванне людзей”, за якую віну павінна ўзяць на сябе і незалежнае грамадства.
9 сакавіка актывістка незарэгістраванай “Прававой дапамогі насельніцтву” і іншых праваабарончых арганізацыяў Я. Палякова пахаваная ў Салігорску. Шчырыя спачуванні маці, родным і блізкім нябошчыцы.