Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе з 9 па 25 траўня 2014 года ў Мінску (Беларусь).
Мы, прадстаўнікі міжнародных і нацыянальных праваабарончых арганізацый (гл. спіс падпісантаў ніжэй), вітаем гэтую ўнікальную магчымасць для беларускага народа атрымаць асалоду ад спартыўнага спаборніцтва, арганізаванага сваёй краінай, а таксама ўніверсальных каштоўнасцяў спорту.
Выходзячы далёка за рамкі гэтых каштоўнасцяў, кіраўніцтва краіны, у тым ліку прэзідэнт А. Лукашэнка, неаднаразова падкрэслівала, што чэмпіянат свету па хакеі з’яўляецца важнай палітычнай падзеяй. Зробленыя каментары не пакідаюць сумненняў у тым, што даслаўшы запрашэнні на чэмпіянат урадам іншых краінаў, кіраўніцтва краіны спрабуе выкарыстаць усе магчымыя сродкі, каб ператварыць міжнароднае спартыўнае мерапрыемства ў ідэалагічнае і палітызаванае шоу беларускага аўтарытарнага рэжыму.
Беручы пад увагу сістэматычныя і грубыя парушэнні правоў чалавека, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь, нашыя арганізацыі заклікаюць краіны, чые нацыянальныя каманды будуць браць удзел у гэтым спаборніцтве, перашкодзіць беларускаму ўраду выкарыстаць гэтую спартыўную падзею ў якасці палітычнай платформы. Спорт для спорту! Няхай падчас гэтай важнай падзеі пануюць універсальныя спартыўныя каштоўнасці, не падкрэсліваючы пры гэтым заслугі рэжыму Лукашэнкі, які асуджаны ўсёй міжнароднай супольнасцю.
Такім чынам, нашыя арганізацыі заклікаюць запрошаныя дзяржавы ўстрымацца ад накіравання афіцыйных ўрадавых дэлегацый для ўдзелу ў мерапрыемствах, звязаных з чэмпіянатам.
Аляксандр Лукашэнка кіруе краінай на працягу 20 гадоў. Сёння палітычна матываваны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі з’яўляецца агульнай тэндэнцыяй, а абмежаванні палітычных і грамадзянскіх правоў грамадзянаў Беларусі ўсеахопнымі, як у нацыянальным заканадаўстве, так і на практыцы.
Дзевяць палітвязняў па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні, нягледзячы на няспынныя заклікі аб іх вызваленні з боку беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, а таксама міжурадавых органаў: праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, актывісты Андрэй Гайдукоў, Васіль Парфянкоў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Эдуард Лобаў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка. Умовы іх утрымання і стан здароўя выклікаюць сур’ёзную трывогу.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая працягвае выкарыстоўваць смяротнае пакаранне. Тры чалавекі зараз чакаюць выканання смяротнага прысуду ў Беларусі. Праваабаронцы неаднаразова заклікалі кіраўніцтва Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакарання ў краіне, аднак прысуды па-ранейшаму выносяцца і выконваюцца.
Акрамя парушэння асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў, шырока парушаюцца сацыяльна-эканамічныя правы, у тым ліку выкарыстоўваецца прымусовая праца. Няма сферы жыцця, дзе б не было грубых парушэнняў працоўных правоў. Не з’яўляецца выключэннем і падрыхтоўка да чэмпіянату свету па хакеі. Напрыклад, студэнты з розных устаноў былі вымушаныя працаваць ў час так званых “суботнікаў” на будаўніцтве “Чыжоўка-Арэны” ў горадзе Мінску, дзе будуць праходзіць гульні падчас чэмпіянату.
Акрамя таго, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт афіцыйна заявіў, што дзеля правядзення чэмпіянату горад будзе “ачышчаны” ад так званых “асацыяльных элементаў”, гэта значыць бяздомных, алкаголікаў і прастытутак. Нядаўнія паведамленні прадэманстравалі метады “чысткі”, якія выкарыстоўвае рэжым. Варта адзначыць, што Беларусь актыўна прасоўвае затрыманне людзей, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, а таксама іх зняволенне ў лячэбна-працоўных прафілакторыях. Штогод гэтыя захады закранаюць тысячы людзей.
Адмовіўшыся ад удзелу ў палітызаваных мерапрыемствах чэмпіянату свету па хакеі, урады зацікаўленых краінаў дазволяць спартсменам і заўзятарам атрымаць асалоду ад маючых адбыцца спартыўных мерапрыемстваў – без падтрымкі тых парушэнняў, якія неаднаразова абвяшчаліся грубымі, сістэмнымі і сістэматычнымі Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і іншымі міжнароднымі органамі.
Падпісанты:
- Civil Rights Defenders (Швецыя)
- FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека)
- Фінская ліга правоў чалавека (Фінляндыя)
- Праваабарончы цэнтр “Вясна” (Беларусь)
- Фонд Дамоў правоў чалавека
- Казахстанскае міжнароднае бюро па правах чалавека і захаванні законнасці (KIBHR) (Казахстан)
- LDH, Французская ліга правоў чалавека (Францыя)
- LIDU, Італьянская ліга правоў чалавека (Італія)
- Libereco – Partnership for Human Rights (Германія, Швейцарыя)
- Ліга правоў і свабодаў (Канада)
- Нарвежскі Хельсінкскі камітэт (Нарвегія)
- Östgruppen (Швецыя)