У заяве выказваецца занепакоенасць парушэннямі правоў чалавека пасля 19 снежня 2010 году, якія выявіліся ва ўжыванні гвалту да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту, арыштах і вынясенні прысудаў палітычным апанентам. Асаблівая заклапочанасць выказваецца ў сувязі з  паведамленнямі пра запалохванні адвакатаў і прымяненне катаванняў у адносінах да арыштаваных.

Парады 45 краін
Аўтары заявы заклікаюць улады Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх затрыманых па палітычных абставінах пасля выбараў 19 снежня 2010 году. Таксама ў заяве змешчаныя рэкамендацыі спыніць пераслед незалежных СМІ, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў, а таксама паважаць права на свабоду сходаў, асацыяцый і свабоду выказвання меркавання.

Беларускім уладам таксама прапануецца ў поўнай меры супрацоўнічаць з Офісам Вярхоўнага камісара ААН і механізмамі Рады ААН па правах чалавека, а таксама перагледзець рашэнне аб закрыцці офіса АБСЕ і супрацоўнічаць з яго Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ).

Аўтары заявы нагадалі уладам Беларусі прапанову арганізаваць брыфінг ў Радзе па правах чалавека па сітуацыі ў краіне, якая была накіраваная ў Беларусь 18 лютага, і выказалі надзею на станоўчы адказ.

Адказ у духу “самі дурні”
У зваротным выступе прадстаўнікі Беларусі заявілі: «Мы не лічым неабходным каментаваць якія змяшчаюцца ў гэтым выступе галаслоўныя абвінавачванні». Беларускі бок адмовіўся ад брыфінгу і абвінаваціў аўтараў ліста ў палітыцы «падвойных стандартаў», паколькі і ў тых краінах, ад імя якіх напісаная заява, «знойдзецца нямала актуальных тэм у кантэксце праблем у сферы правоў чалавека».
У адказе прадстаўнікі Беларусі паведамілі, што акцыя пратэсту 19 снежня не з’яўлялася мірным сходам, а суправаджалася гвалтам і беспарадкамі, у сувязі з чым ўлады краіны лічаць свае дзеянні заканамернымі.

Сумесная заява была названая «неабгрунтаванай і палітычна матываванай», што, на думку беларускага боку, супярэчыць прынцыпам, на якіх павінна будавацца праца Рады.

***

Заява была прынятая неўзабаве пасля візіту ў Жэневу беларускіх і міжнародных праваабаронцаў, якія данеслі да прадстаўнікоў ААН інфармацыю з першых вуснаў аб сітуацыі ў Беларусі. Візіт адбыўся дзякуючы падтрымцы Фундацыі Дамоў правоў чалавека і іншых уплывовых міжнародных арганізацый.

Артыкулы па тэме

Палітычным вязням пагражаюць доўгія гады за кратамі
Еўрапейскія адвакаты накіравалі ліст міністру юстыцыі Беларусі
Беларускім адвакатам неабходная маральная падтрымка
«Не пакідаць праваабаронцаў Беларусі сам-насам з рэжымам»