Старшыня Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна”, зліквідаванага ў кастрычніку 2003 года, Алесь Бяляцкі атрымаў адказ ад Міністэрства замежных спраў на свой нядаўні зварот. Ён звяртаўся ў МЗС па тлумачэнні, якія дакладна крокі былі зробленыя, каб забяспечыць выкананне пастановы Камітэта па правах чалавека (КПЧ) ААН аб рэгістрацыі “Вясны”.
24 ліпеня 2007 года КПЧ ААН прыняў Меркаванні па індывідуальным звароце №1296-2004, з якіх вынікае, што Камітэт валодае дастатковай інфармацыяй, каб пацвердзіць парушэнне Артыкула 22.1 Міжнароднага Пакта аб грамадскіх і палітычных правах краінай-удзельніцай. Камітэт вырашыў, што Алесь Бяляцкі і суаўтары звароту “маюць права на адпаведныя сродкі прававой абароны, у тым ліку перарэгістрацыю “Вясны” і кампенсацыю”.
“Таксама [Беларусь] абавязана зрабіць захады да прадухілення падобных парушэнняў у будучыні”, – выказаўся Камітэт.
Але беларускія ўлады рашэнні Камітэта праігнаравалі. “Беларускі ўрад не выканаў патрабаванні КПЧ ААН, не зважаючы на той факт, што Беларусь – чалец ААН. Мы звярнуліся ў МЗС з пытаннем, чаму гэта не было зроблена”, – сказаў А. Бяляцкі.
Беларускія дыпламаты, адказныя за кантроль выканання міжнародных абавязкаў Беларусі, не згодныя. Як вынікае з афіцыйнага адказу, падпісанага першым намеснікам міністра замежных спраў Ігарам Петрышэнкам, яны лічаць рашэнні КПЧ не абавязковымі, а “рэкамендацыйнымі”.
“Такім чынам, МЗС не лічыць рашэнні КПЧ абавязковымі для выканання і, на жаль, не збіраецца іх прымяняць. На маю думку, гэта акт непавагі да ААН з боку беларускіх уладаў”, – падсумаваў спадар Бяляцкі.
Беларуская нацыянальная няўрадавая праваабарончая арганізацыя “Вясна” мае каля 200 сябраў па ўсёй краіне. Пасля ліквідацыі ў 2003 годзе, НГА спрабавала перарэгістравацца пад новай назвай “Наша Вясна”. Нягледзячы на міжнародную падтрымку зліквідаванай НДА, беларускі ўрад неадначасова адмаўляў ёй у перарэгістрацыі.