Адзін з вядомых беларускіх аналітыкаў адзначыў, што галоўнае палітычнае пытанне на сёння “не хто будзе замест Лукашэнкі пасля выбараў, а што зменіцца ў краіне пасля выбараў”. Даўшы як палітычным сілам краіны, так і выбаршчыкам адчуць пэўную ступень свабоды, цяжка будзе зноў жорстка “закруціць гайкі”. Даўшы грамадзянам палітычныя правы і адносныя магчымасці, цяжка будзе іх забраць. Хаця аб выкарыстанні гэтых правоў як мае быць у дэмакратычных краінах, гаварыць пакуль рана: кампанія на Беларусі па-ранейшаму пабудавана на аўтарытарных прынцыпах.
Усё што не забаронена – дазволена
Сёлета прэзідэнцкая кампанія на Беларусі праходзіць пад лозунгам “усё што не забаронена – дазволена”. Зарэгістраваць усіх кандыдатаў – чаму б і не! Правесці выступы на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, перадвыбарныя тэледэбаты ў прамым эфіры – вельмі проста! Так, усе кандыдаты на пасаду прэзідэнта сапраўды мелі магчымасць выступаць не ў запісу, а ў прамым эфіры, казаць тое, што яны лічаць неабходным і не баяцца, што “няправільныя” словы будуць выразаныя з паказу. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўдакладніла, што кожны з кандыдатаў мае права адмовіцца ад выступлення ў прамым эфіры. Дарэчы, такім правам скарыстаўся толькі адзін кандыдат – дзеючы прэзідэнт А. Лукашэнка. Першыя ж эфіры дэбатаў запланаваны на тэлебачанні 4 снежня, на радыё – 5 снежня. Цалкам верагодна, што і гэта мерапрыемства зноў будзе праігнаравана прэзідэнтам, таму што правакацыйныя пытанні з боку альтэрнатыўных кандыдатаў яму зусім непатрэбныя.
Маленькія перамогі
Пэўныя пазітыўныя зрухі назіраюцца і на “папяровым” медыйным полі краіны: некаторыя дзяржаўныя выданні ўключаюцца ў асвятленне перадвыбарнай кампаніі не толькі аднабакова, што за доўгія гады ўжо стала традыцыяй. 25 лістапада баранавіцкая дзяржаўная газета “Наш край” надрукавала інфармацыю пра сустрэчы выбаршчыкаў з апазіцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты Яраславам Раманчуком і Андрэем Саннікавым.
У газеце паведамляецца пра сустрэчу выбаршчыкаў з альтэрнатыўным кандыдатам 28 лістапада ў мясцовым Палацы культуры. Раней гэты Дом культуры, які мае каля 1000 пасадачных месцаў, не быў у спісе дазволеных памяшканняў для арганізацыі масавых сутрэч кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі. Але пасля шматлікіх скаргаў праваабаронцаў і прадстаўнікоў ініцыятыўных груп кандыдатаў, спісы памяшканняў для перадвыбарных сустрэч былі дапоўненыя.
Як і ў выпадку з вызначэннем месцаў для правядзення пікетаў па зборы подпісаў, многія мясцовыя ўлады ўнеслі змены ў свае ранейшыя рашэнні, павялічыўшы колькасць месцаў для сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі. Практычна заўсёды гэта адбывалася пад ціскам або па скаргах праваабаронцаў ці актывістаў штабоў кандыдатаў.
“Кандыдат Лукашэнка знаходзіцца ў няроўных умовах з іншымі кандыдатамі”
Нягледзячы на тое, што дзеючы прэзідэнт адмовіўся ад магчымасці скарыстацца адведзеным яму часам для выступленняў па радыё і на тэлебачанні, яго прысутнасць у дзяржаўных СМІ пераўзыходзіць прысутнасць усіх астатніх кандыдатаў разам ўзятых. Гэта прызнае і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына(на фота): “Кандыдат Лукашэнка знаходзіцца ў няроўных умовах з іншымі кандыдатамі. Кандыдат Лукашэнка працуе Прэзідэнтам, наогул знаходзіцца ў няроўных умовах, у сілу яго пасады яго пастаянна паказваюць па тэлебачанні, і ніхто не адмяняў гэтае становішча”.
Але ж эфірная няроўнасць – гэта толькі частка праблемы: дзяржаўныя СМІ ў сваіх матэрыялах працягваюць выстаўляць апазіцыйных кандыдатаў у негатыўным святле.
Не мінулым тыдні з выкрывальніцкім ролікам супраць моладзевай арганізацыі “Маладая Беларусь” выступіў вядомы прапагандыст рэжыму журналіст Юры Пракопаў. Маладзёны абвінавачаныя ў нямэтавым выкарыстанні грантаў, амаральным ладзе жыцця, апазіцыйныя сілы прадстаўленыя як маргінальныя і бяздзейныя групоўкі.
Не адстае ад сваёй прапагандысцкай машыны і сам прэзідэнт Лукашэнка (на фота): ён абвінавачвае самых моцных кандыдатаў у сувязі з Расіяй, расейскімі грашыма і намерамі “прадаць” краіну ўсходняму суседу. Праз некалькі дзён увогуле кажа, што верыць нікому з 9 альтэрнатыўных кандыдатаў не варта, “усе іх словы – брахня”. “Шчарбіна і слабасць кожнага з іх відавочныя, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але самае галоўнае: мы не павінны даць магчымасць падмануць людзей”.
Пры гэтым мясцовыя эксперты не сумняюцца, што з набліжэннем даты галасавання 19 снежня антыапазыцыйная актыўнасць на беларускім тэлебачанні і ў прэсе будзе толькі ўзмацняцца.
Актыўнасць з рызыкай для здароўя
Акрамя маральных траўмаў, некаторыя з сябраў ініцыятыўных груп кандыдатаў атрымалі траўмы абсалютна рэальныя. Так, за два дні былі збітыя адразу 2 сябры ініцыятыўных груп розных кандыдатаў, што дазваляе казаць хутчэй пра заканамернасць, чым пра выпадковасць.
23 лістапада адбыўся напад невядомых на давераную асобу аднога з кандыдатаў у прэзідэнты, намесніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова.
Выходзячы з пад’езда, Лялькоў без усялякага папярэджання атрымаў удар цяжкім прадметам у твар і згубіў прытомнасць. Асабістыя рэчы і грошы Лялькова засталіся некранутыя. Пасля дастаўлення “хуткай дапамогай” у бальніцу, урачы дыягнаставалі ў Ігара Лялькова адкрыты пералом носу і пералом кісці левай рукі.
Падобны выпадак адбыўся і на наступны дзень. 24 лістапада Валерыя Краўчанка, сяброўка ініцыятыўнай групы іншага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, распаўсюджвала інфармацыйныя матэрыялы, калі да яе падышоў невядомы. Ён некалькі разоў ударыў дзяўчыну ў твар. Актывістка склала заяву ў міліцыю, але ніякіх вынікаў пакуь не атрымала.
Такія выпадкі добра ілюструюць тую сітуацыю, што склалася зараз у Беларусі: з аднаго боку, маюць месца пэўныя пазітыўныя тэндэнцыі ў рэалізацыі сваіх палітычных правоў і кандыдатамі, і выбаршчыкамі, але ж з іншага, агульная атмасфера застаецца няроўная, несвабодная, пабудаваная на страху і прымусе. Дзве тэндэнцыі, што выключаюць адна адну. Але нейкая з іх павінна перамагчы.
Па матэрыялах рэсурсаў БАЖ, Вясна, tut.by