11 студзеня група з 35 беларускіх назіральнікаў распачала назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Чэхіі. Місія была арганізаваная ў межах праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” арганізацыяй Belarus Watch у партнёрстве з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Домам правоў чалавека ў Вільні. У папярэднія гады ўдзельнікі праекта назіралі за выбарамі ў Беларусі, а таксама ў іншых краінах Еўропы.У  склад місіі па назіранні за выбарамі ў Чэхіі ўвайшлі прадстаўнікі беларускіх НДА, партый, студэнты і выкладчыкі ЕГУ.

Назіральнікі праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» прасачылі за ходам галасавання і падлікам галасоў паводле нацыянальных і міжнародных стандартаў.

Місія адзначыла высокі ўзровень арганізацыі працэдур галасавання, прафесіяналізм і падрыхтаванасць чальцоў выбарчых камісій. Беларускія назіральнікі сустракалі ў асноўным прыязнае стаўленне да сябе з боку чальцоў камісій. Нягледзячы на нявызначанасць статусу назіральніка ў чэшскім заканадаўстве, практычна ўсе прадстаўнікі праекту атрымалі доступ да выбарчых ўчасткаў і неабходную інфармацыю, запатрабаваную імі.

Удзельнікі місіі адзначылі таксама высокую культуру чэшскіх выбаршчыкаў, якія ў большасці выпадкаў выконвалі ўсе нормы выбарчага права. Высокую ацэнку заслужыла працэдура галасавання з выкарыстаннем канвертаў. Гэтая сістэма, на думку беларускіх назіральнікаў, дазваляе найлепшым чынам забяспечыць таямніцу галасавання.

Падлік галасоў праходзіў хутка і эфектыўна, што сведчыла аб высокай ступені надзейнасці выбарчых працэдур. Хуткасць падліку галасоў аказалася параўнальнай з той, што можна сустрэць на выбарах у Беларусі. Аднак вынікі падліку не выклікалі ніякіх сумневаў.

Місія па назіранні адзначыла таксама і шэраг недахопаў, якія, аднак, не паўплывалі на вынікі выбараў. Так, заўвагі былі выкліканыя адсутнасцю адзінай сістэмы апячатвання скрыняў  і місія адзначыла, што працэдура апячатвання скрыняў для галасавання мусіць быць дэталізаваная ў заканадаўстве.  У некаторых выпадках ўчасткі аказваліся перапоўненымі выбаршчыкамі, што цягнула за сабой з’яўлення чэргаў ўнутры ўчастка і па-за ім. Былі адзначаныя выпадкі адкрытага галасавання: выбаршчыкі пакавалі бюлетэні ў канверты для галасавання па-за кабінак, што супярэчыць патрабаванням заканадаўства. Члены камісій часцей за ўсё не перашкаджалі падобным дзеянням.

Толькі зрэдку выбарчыя ўчасткі былі абсталяваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Многія ўчасткі былі размешчаныя не на першым паверсе будынкаў, што ўскладняла доступ да іх асобаў сталага веку.

 ***

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» працуе на тым, каб даць маладым беларусам магчымасць знутры зірнуць на палітычныя працэсы, азнаёміцца з досведам незалежных назіральнікаў і набыць практычныя навыкі праз удзел у назіранні за выбарамі ў суседніх краінах. Болей за ста ўдзельнікаў папярэдніх місій праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» бралі таксама ўдзел ў назіранні за беларускімі выбарамі ў розныя гады.

Артыкулы па тэме

У Вільні быў прадстаўлены «Гендэрны лікбез»

Беларускія грамадзяне не атрымліваюць абароны ў нацыянальных судах і звяртаюцца ў Камітэт ААН

Праваабаронцамі прадстаўлена даследаванне масавых затрыманняў пасля выбараў 19 снежня 2010 года