22 жніўня місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ прыбыла ў Беларусь для назірання за парламенцкімі выбарамі. 24 жніўня да місіі далучыліся яшчэ 36 доўгатэрміновых назіральнікаў. Яны накіраваныя на працу ў 18 раёнаў Беларусі, па два чалавекі ў камандзе. Старшыня місіі Антоніа Мілашоскі падкрэсліў, што геаграфія назіральнікаў вельмі шырокая: захаваны баланс паміж прадстаўнікамі Заходняй і Усходняй Еўропы, большасць назіральнікаў мае багаты досвед працы, у тым ліку на папярэдніх выбарах у Беларусі.
Па словах спадара Мілашоскі, беларускія ўлады на дадзеным этапе не замінаюць дзейнасці місіі, МЗС дапамагаў вырашаць пытанні па запрашэнні і прыездзе міжнародных экспертаў. Пры гэтым нявырашаным застаецца пытанне з памяшканнем місіі: яго папросту няма. Папярэднія гады назіральнікі АБСЕ мелі офіс у гатэлі «Беларусь», але цяпер ён зачынены на капітальны рамонт. Дзе будзе месціцца офіс сёлета, пакуль невядома. З гэтым пытаннем кіраўніцтва місіі звярталася і ў ЦВК, і непасрэдна да Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Той паабяцаў, што МЗС зробіць усё магчымае, каб замежныя назіральнікі мелі месца, дзе яны змогуць працаваць.
Старшыня ЦВК ужо вінаваціць БДІПЧ АБСЕ ў бюракратызме і перадузятасці
Падчас сустрэчы з журналістамі кіраўнік місіі Мілашоскі некалькі разоў падкрэсліў, што задача прадстаўнікоў АБСЕ – назіраць за выбарамі, складаць справаздачу і рэкамендацыі, аднак ніякім чынам не ўмешвацца ў выбары. Гэта было своеасаблівым адказам на негатыўныя выказванні беларускіх чыноўнікаў, якія яшчэ да прыезду місіі крытыкавалі яе дзейнасць у Беларусі.
Так, Антоніа Мілашоскі пракаментаваў заявы старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай (на фота) у інтэрв’ю газеце «СБ. Беларусь сёння». Ярмошына, у прыватнасці, папракнула БДІПЧ АБСЕ ў бюракратызме і перадузятасці.
«Уся іх дэмакратыя — гэта вельмі добра арганізаваная бюракратыя, пры нейкай гульні з грамадскасцю і сродкамі масавай інфармацыі, — заявіла кіраўнік ЦВК. — Гэта страшная рэч, ёй супрацьстаяць немагчыма. Яна знішчыць любога, хто трапіцца на яе шляху, вось гэтай сваёй агульнай кансалідаванасцю».
Міжнароднае назіранне, па словах Ярмошынай, — гэта «абсалютна прафесійная дзейнасць», адрозненне ў якой паміж Захадам і Усходам «проста каласальнае». «Калі ў Германію, дзе пражывае 80 млн. чалавек, едзе місія з 15 чалавек, а ў Беларусь, дзе пражывае 9 млн., іх 700, вы самі разумееце, што задачы ў кожнай назіральнай місіі розныя», — падкрэсліла кіраўнік ЦВК.
Як растлумачыў Антоніа Мілашоскі, колькасць назіральнікаў у місіях, якія накіроўваюцца ў розныя краіны, залежыць ад некалькіх фактараў. У прыватнасці, улічваецца неабходнасць ацэначнай працы і наступных рэкамендацый, а таксама магчымасці і жаданне краін-удзельніц АБСЕ накіроўваць сваіх назіральнікаў у тую ці іншую дзяржаву.
Мілашоскі падкрэсліў, што ў місіі, якая прыехала ў Беларусь, колькасць доўгатэрміновых і кароткатэрміновых назіральнікаў з краін Заходняй і Усходняй Еўропы прыкладна роўная.
«Мне здаецца, што ў нас вельмі збалансаванае і неперадузятае стаўленне. Людзі, якія працуюць у нашай місіі, маюць добры досвед назірання за выбарамі.Думаю, што ў нас не будзе праблем», — сказаў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ.
Аднак кіраўніцтва ЦВК загадзя настроена песімістычна ў адносінах да працы назіральнікаў АБСЕ. «У Беларусі і іншых дзяржавах СНД высновы складаюцца процілеглым чынам, гэта значыць спачатку пішацца добрае, але сканчваецца дрэнным», — заявіла Ярмошына.
Артыкулы па тэме
КДБ дакарае праваабаронцаў за непацверджаную інфармацыю, але сам дае непраўдзівыя звесткі
Ва ўчастковых выбарчых камісіях для прадстаўнікоў апазіцыі месцаў няма
Чым бліжэй выбары, тым большы ціск на грамадзянскую супольнасць Беларусі