На працягу ўсяго працэсу пацяплення і актывізацыі стасункаў паміж Менскам і Бруселем беларускі афіцыйны бок нязменна падкрэсліваў уласную выключна прагматычную зацікаўленасць у “лібералізацыі”.
Усялякія палітычныя абавязанні ўлады рэспублікі рашуча адхілялі.
Чарговы раз рытуал акцэнтацыі адбыўся ў час наведвання прэзідэнтам Беларусі сельскагаспадарчага прадпрыемства “Александрыя”. “Мы хочам, каб у гэтым праекце – “Усходняе партнёрства”, мы маглі атрымаць тое, на што разлічваем: дарогі, трубаправоды, інфраструктурныя праекты і гэтак далей, – заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка. – Тобок мы трымаемся практычнага падыходу”.
І дадаў: “Людзям патрэбны практычны вынік ад гэтага праекту. А чаго ад нас хочуць? Размоваў шмат – ад дэмакратыі і правоў чалавека. Аднак гэта размовы і балбатня”.