– Валянцін, Вы як праваабаронца можаце пагадзіцца з апошнімі ацэнкамі сітуацыі ў Беларусі з боку некаторых палітыкаў Еўразвязу?
– На пачатку гэтага году сапраўды былі заўважныя невялікія крокі, якія можна было ацаніць станоўча. Я маю на ўвазе рэгістрацыю Руху “За Свабоду”, вяртанне ў дзяржаўную сістэму распаўсюду двух незалежных выданняў – “Нашай Нівы” і “Народнай Волі”.
Апошнія ж шэсць месяцаў (зараз заканчваецца чарговы тэставы перыяд і ў Варшаве ў хуткім часе будзе прадстаўлены адпаведны маніторынг) прыводзяць, на жаль, да несуцяшальных высноваў. Штосьці станоўчае мы можам адзначыць пакуль толькі на ўзроўні нейкіх заяваў, дэкларацыяў, але не па рэальных кроках беларускіх уладаў.
Цягам гэтага паўгоддзя нам давялося назіраць нават пагаршэнне сітуацыі ў розных сферах правоў чалавека. Найперш – тэндэнцыя нерэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў. Было адмоўлена ў рэгістрацыі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў. Так, арганізацыі “Наша Вясна”, якую спрабавалі зарэгістраваць сябры ліквідаванага ўладамі ПЦ “Вясна”, было двойчы адмоўлена ў гэтым годзе. Не атрымала рэгістрацыі ні Асамблея няўрадавых арганізацыяў, ні Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Увогуле з 2000-га года ў Беларусі не зарэгістравана ніводнай палітычнай партыі. Гэтыя адмовы ў рэгістрацыі з’яўляюцца сімвалічнымі і паказальнымі, паколькі падставы для іх часта носяць вельмі абсурдны характар. Гэтая сітуацыя сведчыць пра тое, што ўлады не жадаюць рэгістрацыі такіх арганізацыяў.
У сферы свабоды сходаў назіралася некаторая тэндэнцыя змяншэння адміністратыўнага пераследу ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Я маю на ўвазе адміністратыўныя арышты і штрафы за ўдзел грамадзянаў у мірных акцыях. Але казаць пра тое, што рэалізацыя мірных сходаў у Беларусі стала магчымая, таксама не выпадае. Бо ў гэтай сферы не змянілася ні заканадаўства, ні практыка яго выкарыстання. І падзеі 9-га і 16-га верасня яшчэ раз яскрава пацвердзілі, што любыя мірныя сходы ў Беларусі немагчымыя.
– Ці маюць праваабаронцы прагнозы наконт магчымых паляпшэнняў выбарчай сістэмы Беларусі з пункту гледжання абавязацельстваў АБСЕ?
– Датычна пытанняў выбарчага заканадаўства цяжка штосьці каментаваць, паколькі працэс зменаў Выбарчага кодэкса носіць абсалютна закрыты характар для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі. Мы не ведаем пра прадмет перамоваў паміж экспертамі АБСЕ і ўрадам. Толькі некаторыя выказванні паказваюць на тое, што такія кансультацыі адбываліся, што падрыхтаваны нейкі законапраект па гэтых зменах. Прынамсі, такія высновы можна зрабіць са словаў Ярмошынай. Але нам дакладна вядома, што з вясны гэтага года ніякіх актыўных кантактаў з Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ па гэтым пытанні у беларускага ўрада не было. Таму спадзявацца на тое, што сапраўды нейкім чынам будуць улічаныя рэкамендацыі АБСЕ, зробленыя падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў, не выпадае.
– У дыялогу афіцыйнага Менску з Еўразвязам асобным пунктам стаіць пытанне палітычных вязняў…
– Пытанне наяўнасці палітвязняў і палітычна матываванага пераследу грамадзянаў, на жаль, застаецца актуальным для Беларусі. На сёння ў калоніі Магілёва адбывае пакаранне маладафронтавец Арцём Дубскі. Яго як палітычнага вязня вызначаюць і беларускія праваабарончыя арганізацыі і Міжнародная Амністыя, якая распачала падтрымку ўсіх, хто дагэтуль адбывае пакаранне па такзванай “справе 14-ці”. Я нагадаю, што, акрамя Дубскага, гэта Максім Дашук, які адбывае “хатнюю хімію”, Алесь Стральцоў і Алесь Чарнышоў, якім пакаранне ў выглядзе абмежавання волі было заменена на больш мяккае. Таксама дагэтуль не амніставаныя фігуранты справы, што знаходзяцца за мяжой і не могуць вярнуцца на радзіму – Таццяна Цішкевіч, Аляксей Бондар і Міхаіл Крываў. Праваабарончы Цэнтр “Вясна” патрабуе адназначнай амністыі усіх гэтых людзей, каб закрыць пытанне палітычных зняволеных у Беларусі назаўсёды.
– А як Вы расцэньваеце крымінальны пераслед ваўкавыскіх прадпрымальнікаў?
– Гэтая справа як мінімум мае шырокі грамадскі рэзананс, але ад самага пачатку яна мае закрыты характар і мы маем вельмі мала інфармацыі. На дадзены момант у следчым ізалятары працягваюць утрымлівацца Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка. І мы не выключаем, што іх пераслед можа мець палітычны характар, паколькі могуць быць падставы для гэтага. Улічваючы нават той аспект, што Мікалай Аўтуховіч у свой час удзельнічаў у выбарчай кампаніі ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу ў якасці незалежнага кандыдата ў дэпутаты. Вядома, з’яўленне ў палітыцы незалежных людзей, якія да таго ж яшчэ маюць і паспяховы бізнес, заўсёды прыцягвае ўвагу прадстаўнікоў уладаў розных узроўняў. Таму, паўтаруся, мы не выключаем магчымасці палітычнага пераследу. Тым больш, зараз ужо спынены крымінальны пераслед у дачыненні да некаторых фігурантаў гэтай справы – Юрыя Лявонава і яшчэ чатырох чалавек, якія праходзілі ў якасці падазраваных.
У дадзенай сітуацыі вельмі актуальным з’яўляецца пытанне адкрытага судовага працэсу па справе Аўтуховіча і Асіпенкі, паколькі прад’яўленыя ім абвінавачванні маюць вельмі сур’ёзны характар. Справаў па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў нас даўно не ўзбуджалася, пэўна з часоў справы Мікалуцкага. Таму беларускія праваабарончыя арганізацыі настойваюць на тым, каб улады правялі судовы працэс адкрыта і каб прадстаўнікі СМІ, праваабаронцы мелі магчымасць прысутнічаць на судзе. Для таго, каб даць ацэнку аб’ектыўнасці доказаў, іх законнасці, нам трэба ўсё пабачыць на ўласныя вочы. Калі ж суд пройдзе за зачыненымі дзвярыма, у нас з’явяцца падставы лічыць, што за гэтымі дзвярыма магло адбыцца судзілішча. Бо ў такой сітуацыі мы не зможам сцвярджаць, што віна Аўтуховіча сапраўды была даказаная незалежным бесстароннім судом.
– Валянцін, а што станоўчага было зроблена беларускімі ўладамі за гэтыя паўгады?
– Са станоўчых момантаў мы маем хіба што завярэнні беларускага боку пра гатоўнасць увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Але пакуль што яго не ўвялі. На сёння мы маем два смяротныя прысуды па крымінальных справах. І нас вельмі турбуе, каб перад увядзеннем мараторыя гэтыя асобы не сталі апошнімі расстралянымі ў гісторыі сучаснай Беларусі. Таксама мы чулі завярэнні Міністэрства юстыцыі наконт таго, што ўлады гатовыя перагледзець, дэкрыміналізаваць дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў праз адмену крымінальнага артыкула 193.1. І гэтыя абяццанні – ўсё, што мы пакуль маем, рэальных крокаў назіраць не давялося, сістэмных зменаў не адбылося. Да лістапада, калі Еўразвяз пачне разглядаць пытанне пра аднаўленне санкцыяў адносна Беларусі, яшчэ ёсць час. І мы спадзяемся, што беларускія ўлады ўсё ж зробяць нейкія крокі, каб гэтыя санкцыі не былі ўведзеныя.