Агульная інфармацыя і мэта даследавання
БДПЧ падтрымлівае праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій; займаецца міжнароднай адвакацыяй; узмацняе патэнцыял праваабарончай супольнасці, у тым ліку праз падтрымку праектаў; праводзіць адукацыйныя прагарамы па тэме правоў чалавека і прапануе падтрымку ў сферы лічбавай бяспекі.
У межах даследавання будзе:
- прааналізаваны ўплыў БДПЧ на развіцце сектара праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС);
- вызначана, наколькі падтрымка БДПЧ дапамагае сектару працаваць больш устойліва, якія інструменты падтрымкі эфектыўныя, а якія не, і чаму;
- выяўленыя патрэбы праваабарончых АГС і выклікі, з якімі яны сутыкаюцца падчас сваёй дзейнасці.
Метадалогія даследавання:
праграма даследвання, змест і дызайн яго інструментаў распрацоўваюцца пераможцам конкурсу і ўзгадняюцца з БДПЧ перад пачаткам даследавання.
Тэрмін правядзення даследавання:
3-6 месяцаў. Чакаецца, што выканаўца прыступіць да працы ў снежні 2019 года.
Чаканы вынік:
аналітычная справаздача на рускай ці беларускай мове, у якой прадстаўлены абагульненыя звесткі даследавання адпаведна мэтам і задачам. Справаздача павінна, акрамя іншага, уключаць кароткае рэзюмэ справаздачы, апісанне метадалогіі, аналіз і вынікі, высновы і рэкамендацыі.
Хто можа прыняць удзел у конкурсе:
даследчыя цэнтры, НДА і групы фізічных асобаў, якія займаюцца правядзеннем даследаванняў у Беларусі.
У конкурсную прапанову трэба ўключыць:
- Інфармацыю аб арганізацыі/асобах, што будуць праводзіць даследванне, разам з досведам правядзення падобных даследванняў;
- Кароткае апісанне метадалогіі даследвання і яе абгрунтаванне (чаму менавіта гэтыя метады і інструменты прапануецца выкарыстоўваць);
- План і графік ацэнкі;
- Бюджэт ацэнкі.
Конкурсную прапанову на рускай або беларускай мове неабходна даслаць на электронную пошту capacity.belarus@humanrightshouse.org не пазней за 19 лістапада 2019 года з пазнакай “Заяўка на правядзенне даследавання”.
Каб задаць пытанне або ўдакладніць інфармацыю аб конкурсе, калі ласка, звяртайцеся па адрасе: capacity.belarus@humanrightshouse.org.