“Рэкамендацыі для Беларусі былі разнастайнымі”
Алесь Бяляцкі (на фота) адзначыў, што рэкамендацыі беларускаму ўраду, якія сыходзілі ад нацыянальных дэлегацыяў, выразна перагукаюцца з рэкамендацыямі аўтараў альтэрнатыўнага дакладу, што быў падрыхтаваны беларускімі праваабаронцамі.
– Падчас абмеркавання справаздачы Беларусі рэкамендацыі выступоўцаў былі, з аднаго боку, разнастайныя, а з іншага – часта паўтараліся адны і тыя ж дэталі. У першую чаргу гэта датычыцца пазіцыі краінаў Еўразвязу, Канада таксама паспела выступіць. Фактычна ўсе прадстаўнікі дэмакратычных краінаў выказвалі заклапочанасць наяўнасцю смяротнага пакарання і вынясеннем двух апошніх прысудаў. А Швейцарыя нават рэкамендавала выдаць сваякам целы расстраляных Жука і Юзэпчука. Таксама прасілі неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з тым, каб у далейшым адмяніць яго канчаткова, – распавядае праваабаронца.
Таксама А.Бяляцкі назваў іншыя праблемы, па якіх выказвалі прэтэнзіі да Беларусі прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці.
Амаль усе выступоўцы адзначылі складанае становішча СМІ ў Беларусі, рэкамендавалі спрасціць сістэму іх рэгістрацыі і аблегчыць умовы працы, а таксама спыніць пераслед журналістаў.
Рэкамендавалася адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса і ў дадзеным рэчышчы аблегчыць умовы працы праваабаронцаў.
Не засталася па-за ўвагай і праблема неабходнасці далейшай выбарчай рэформы. Нават дэлегацыя з Турцыі ўказала на тое, што да іх дайшлі звесткі пра парушэнне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь падчас адбыўшыхся выбараў у мясцовыя саветы. Турцыя рэкамендавала працягваць рэформу выбарчага заканадаўства.
Выказвалася меркаванне наконт таго, што Беларусь мусіць падпісаць адпаведны факультатыўны пратакол супраць катаванняў, паколькі ў краіне зафіксаваныя факты катаванняў падчас затрыманняў і знаходжання людзей у турмах і следчых ізалятарах.
Французская дэлегацыя акцэнтавала ўвагу на наяўнасці палітзняволеных у Беларусі і заклікала спыніць гэту практыку.
Шмат прэтэнзіяў да беларускіх уладаў было, у прыватнасці ад прадстаўнікоў Чэхіі, Польшчы, па праблеме свабоды сходаў.
Афіцыйны прадстаўнік ухіляўся ад прамых адказаў
На афіцыйным узроўні краіну прадстаўляў Мікалай Хвастоў – пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.
У сп. Хвастова падчас абмеркавання была магчымасць адказаць на пытанні.
– У сваіх адказах ён спыніўся на праблемах смяротнага пакарання, мірных дэманстрацыяў, катаванняў, свабоды асацыяцыяў і свабоды СМІ. І тут ён ці ўхіляўся ад прамых пытанняў, пастаўленых нацыянальнымі дэлегацыямі, ці гаварыў няпраўду, – адзначае Алесь Бяляцкі. – У прыватнасці, гэта датычылася пытання свабоды асацыяцыяў, дзе ён казаў, што ніякіх праблемаў няма і ўсе аб’яднанні могуць рэгістравацца. Таксама Хвастоў сказаў, што няма ніякіх праблемаў і са свабодай СМІ. А далей цытую: “па ступені свабоды ў Інтэрнеце Беларусь знаходзіцца ў лідэрах сусветнай супольнасці” – асабліва гэта смешна чуць у кантэксце новага заканадаўства па ўрэгуляванні Інтэрнета, якое яны хацелі прыняць.
Датычна смяротнага пакарання, са словаў праваабаронцы, М.Хвастоў нічога канкрэтнага не сказаў, спаслаўшыся толькі на вынікі рэферэндума і адзначыўшы, што Беларусь у гэтым пытанні ідзе на супрацоўніцтва.
Тое, што Беларусь прадстаўляў М.Хвастоў, паводле меркаванняў экспертаў, сведчыць пра прыніжэнне статуса. Звычайна краіну на такім узроўні прадстаўляе намеснік міністра замежных справаў. Магчыма, гэты факт з’яўляецца дэманстрацыяй таго, наколькі для Беларусі важная працэдура Універсальнага перыядычнага агляду.