Перад тым, як выправіцца ў місію, удзельнікі праекту прайшлі інтэнсіўны курс з удзелам выбітных беларускіх, літоўскіх і нарвежскіх экспертаў па назіранні. А напярэдадні дня выбараў разбіўшыся на групы па 4-5 чалавек, яны раз’ехаліся па нарвежскім узбярэжжы – хтосьці застаўся ў аколіцах Осла, іншыя рушылі ў Берген, Тромсё ці Тронгейм.

Усяго ўдзельнікі місіі паспелі наведаць 94 выбарчыя ўчасткі.

Назіральнік з Літвы, студэнт Вітаўтас Улазас (Vytautas Ulozas), якому пашчасціла ехаць у самы паўночны буйны горад краіны Тромсё, аб сваіх уражаннях апавядае ў блогу: "Нас сустрэў вельмі зычлівы старшыня выбарчай камісіі, распавёў пра ўвесь працэс, адказаў на шэраг пытанняў, паказаў памяшканні. Праўду кажучы, для "назіральнікаў-паляўнічых на ведзьмаў" (якія толькі і шукаюць, да чаго б прычапіцца), у Нарвегіі працы няшмат. Вам нават уявіць сабе цяжка, як амаль дасканала ўсё арганізавана, паглядзець люба. Кожны сябра камісіі цудоўна навучаны, як і што рабіць. <…> Таму і само назіранне не такое складанае, стамляльнае і нервовае".

Таксама Вітаўтасу спадабалася тэхнічнае забеспячэнне выбараў: "Было ажно тры спецыяльныя сканеры, якія апрацоўваюць 7000 бюлетэняў за гадзіну. <…> Працэс паскараецца незвычайна. За падлікам таксама сачыў мясцовы журналіст, ён нас сфатаграфаваў і ўзяў інтэрв’ю, а тым часам апараты ўсё далічылі і выявілі статыстыку, колькі галасоў атрымала якая партыя".

Няма межаў дасканаласці

Тым не менш, і ў Нарвегіі не заўсёды трымаюцца міжнародных стандартаў. Паводле афіцыйнага прэс-рэлізу па выніках місіі (поўная яго версія на ангельскай мове – у секцыі "Дакументы" справа), хаця "выбары былі арганізаваныя вельмі прафесійна", некаторыя працэдурныя моманты патрабуюць дапрацоўкі.

"Культурная традыцыя ўзаемадаверу пераважала над міжнароднымі патрабаваннямі", – гаворыцца ў прэс-рэлізе са спасылкай на тое, што выбаршчыкаў часцяком дапускалі да галасавання без праверкі дакументаў – што мела месца і падчас мінулай місіі ў Літве

Акрамя самога назірання, удзельнікі праекту наведалі Стортынг (парламент), рэкламныя мерапрыемствы ў рамах перадвыбарнай кампаніі, была і культурная праграма (на фота – забавы нашых назіральнікаў паміж наведваннем выбарчых участкаў на нарвежскай поўначы).

Таксама групу запрасілі ў Каралеўскае Міністэрства замежных спраў – распавесці аб знаходках місіі, і ў Дом правоў чалавека ў Осле.

Агулам назіральнікамі ад SILC былі зарэгістраваныя 44 чалавекі, 29 з Беларусі, 7 з Літвы і 8 са Швецыі.

Міжкультурны характар праекту – яшчэ адна яго рыса. Са словаў каардынатаркі праекту Анастасіі Матчанкі, "гэта унікальна, наколькі гэткія місіі збліжаюць і аб’ядноўваюць людзей".

Важны і сам працэс навучання ды назірання, сцвярджае яна: "Я цяпер перакананая, што назіраць за выбарамі – гэта не толькі сачыць за дэмакратычным працэсам і яго аб’ектыўна ацэньваць. Гэта таксама прымушае зусім інакш зірнуць на выбары. Пасля ўдзелу ў місіі з’яўляецца разуменне аб выбарах як аб нечым большым за механічную "галачку" ў бюлетэні для галасавання, аб нечым нашмат значнейшым і цікавейшым".

Місія арганізаваная ў рамах праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка", што супольна ладзіцца чатырма арганізацыямі: Аб’яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятыў (JuBIC), Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам (SILC), Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) і Беларускім  Домам правоў чалавека (ДПЧ) ў Вільні. 

Раней удзельнікі праекту ўжо назіралі за выбарамі ў Нарвегіі (верасень’07), Грузіі (травень’08) і Літве (кастрычнік’08 і травень’09).

Documents: