Беларускі дом правоў чалавека ладзіць такія сустрэчы на пачатку кожнага году, каб спрыяць падтрымцы і развіццю праваабарончай супольнасці Беларусі.
Удзельнікі абмеркавалі планы і прыярытэты, выклікі, пагрозы, а таксама супольныя дзеянні. Усе пагадзіліся, што прэзідэнцкія выбары, якія павінны адбыцца ўвосень, – галоўная падзея і пагроза для грамадзянскай супольнасці Беларусі сёлета, бо наступствы электаральных перыядаў, як і масштабы магчымых рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека, заўжды непрадказальныя. Магчыма, грамадзянскай супольнасці ў Беларусі спатрэбіцца міжнародная салідарная дапамога ў перыяд выбараў у 2020 годзе.
Спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын расказала пра сваю працу ў рамках мандата. Таксама яна прапанавала праваабарончай супольнасці дасылаць ёй інфармацыю для будучага даклада па наступных тэмах: здароўе ў месцах несвабоды; дыскрымінацыя ЛГБТ; дыскрымінацыя прадстаўнікоў народнасці рома; ціск на незалежныя прафсаюзы; ЛТП.
Анаіс Марын таксама расказала аб нядаўна падтыхтаваным ёй дакладзе аб непаўнагадовых, асуджаных па “наркатычным” артыкуле 328, які быў падтыхтаваны разам з рабочай групай па адвольных затрыманнях і іншымі спецыяльнымі працэдурамі ААН.