Справа Васіля Юзэпчука была зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН 12 кастрычніка 2009 г. Камітэт прыняў меры абароны, паведаміўшы дзяржаве аб неабходнасці ўстрымацца ад выканання смяротнага пакарання, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце. У сакавіку 2010 года Васіль Юзэпчук быў расстраляны.
Васіль Юзэпчук па нацыянальнасці цыган, меў разумовую адсталасць, дрэнна арыентаваўся ў часе, непісьменны. Ён быў прызнаны вінаватым Брэсцкім абласным судом у забойствах з абцяжарваючымі абставінамі і асуджаны да смяротнага пакарання ў ліпені 2009 года. Прысуд уступіў у сілу 2 кастрычніка 2009 года пасля разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе РБ.
Пры разглядзе было ўстаноўлена парушэнне п.3 арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі Юзэпчук не быў дастаўлены да суддзі ў тэрміновым парадку для вырашэння пытання пра яго арышт.
Камітэт таксама прызнаў парушэнне дзяржавай арт. 7 Пакта, які забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Пасля затрымання Юзэпчук падвяргаўся катаванням: яго збівалі супрацоўнікі міліцыі, марылі голадам, кідалі ў карцэр, прымусова паілі гарэлкай і давалі невядомыя пігулкі. Васіль Юзэпчук пад прымусам прызнаўся ў здзяйсненні серыі забойстваў жанчын-пенсіянерак ў Драгічынскім раёне, але затым ён адмовіўся ад сваіх прызнанняў і паведаміў пра катаванні. Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар і зноў катавалі, каб адмовіўся ад сваіх слоў. Юзэпчук паўторна заявіў пра катаванні, але гэтыя заявы не былі разгледжаны належным чынам.
Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляе інтарэсы Васіля Юзэпчука ў Камітэце, адзначыў, што міжнародны орган прызнаў і неадпаведнасць судовага разгляду крытэрам незалежнасці і бесстароннасці, доказы віны з’яўляліся ўскоснымі і не дазвалялі зрабіць адназначную выснову адносна вінаватасці. Ні адна з праведзеных экспертыз не падцвердзіла вінаватасць асуджанага. Камітэт палічыў, што асуджэнне да смерці па выніках судовага разбіральніцтва не адказвае патрабаванням арт. 14 Пакта (мінімальныя гарантыі справядлівага судовага працэса) і сведчыць пра адвольнае пазбаўленне жыцця, то бок пра парушэнне права на жыццё (арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).
Паводле Рамана Кісляка, справа Васіля Юзэпчука ужо трэцяя, у якой Камітэт вызначыў парушэнне права на жыццё ў сувязі з вынясеннем смяротнага пакарання.
Гомельскія праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыка ААН па пазасудовых пакараннях смерцю
Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы накіраваў паведамленне сп. Крыстафу Хэйнсу, Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю. У паведамленні праваабаронцы інфармуюць спецдакладчыка аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да гамяльчаніна Аляксандра Грунова, індывідуальная скарга якога знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН.
Праваабаронцы выказалі занепакоенасць прывядзеннем у краіне ў выкананне смяротнага пакарання, якое па сваёй сутнасці з’яўляецца пазасудовым смяротным пакараннем.
“Любое парушэнне патрабаванняў на справядлівае судовае разбіральніцтва кваліфікуецца менавіта як пазасудовае смяротнае пакаранне. У скарзе пакаранага гамяльчаніна якраз раскрываецца парушэнне яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Урад Беларусі атрымаў запыт не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да таго часу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта, тым не менш, парушыў свае абавязацельствы”, – адзначыў кіраўнік Гомельскага цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка.
У звароце праваабаронцы заклікаюць Спецдакладчыка ААН распачаць усе магчымыя дзеянні ў рамках свайго мандату.
Артыкулы па тэме
У Беларусі выкананы трэці смяротны прысуд за бягучы год
Афіцыйны Мінск заклікаў ААН навесці парадак у Радзе па правах чалавека
Праваабаронцы заклікаюць адмяніць смяротнае пакаранне ці хаця б змяніць працэдуру яго выканання