Падчас прэс-канферэнцыі на пытанні адказвалі і дзяліліся ўражаннямі прадстаўнікі кампаній па назіранні за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, “Права выбару” і Electby.

Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак заўважыў, што назіральнікі ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” не зафіксавалі ніводнага выпадку, калі падлік праводзіўся празрыстым і даступным спосабам. Па паведамленнях назіральнікаў на 326 выбарчых участках, ахопленых кампаніяй  «Праваабаронцы за свабодныя выбары», 92,3% Назіральнікі адзначылі, што працэс падліку не быў адкрытым і празрыстым для ўсіх членаў выбарчых камісій і назіральнікаў. 76,9% назіральнікаў паведамілі што яны не маглі назіраць за падлікам галасоў.

Прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч адзначыў на пачатку сустрэчы, што аб выніках прэзідэнцкіх выбараў ён кажа з «доляй суму».

«Выбары пачаліся ў досыць неспрыяльных умовах, у сітуацыі з працягам рэпрэсій, наяўнасці палітычных зняволеных і пры наяўнасці масавых фактаў пераследу журналістаў», – сцвярджаў ён. Толькі у жніўні, у пачатку агітацыйнай кампаніі, улады, адмовіліся ад прамых рэпрэсій, вызвалілі палітвязняў і спынілі пераслед журналістаў, грамадзянскіх і палітычных актывістаў.

Паводле Уладзіміра Лабковіча, у цэлым выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных свабодных выбараў, нягледзячы на некаторыя крокі насустрач з боку уладаў. «Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да СМІ ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу на карысць дзейнага прэзідэнта, фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні і закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў, – пералічваў У.Лабковіч. – Найбольш важнай падставай для крытыкі выбараў застаецца адсутнасць празрыстасці падліку галасоў, што не дазваляе лічыць аб’яўленыя вынікі выбараў адлюстраваннем волевыяўлення беларускага народа».

Праваабаронца Алег Гулак пагадзіўся з У.Лабковічам і дадаў, што вынікам давяраць нельга.

«На ўсіх этапах выбарчай кампаніі ўсе значныя працэсы і працэдуры не былі ў дастатковай ступені празрыстымі, пачынаючы з фарміравання камісій. Не была даступная назіральнікам зразумеласць і празрыстасць працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў, такія важныя працэдуры як галасаванне дома, датэрміновае галасаванне, спісы выбаршчыкаў. Усё гэта для назіральнікаў было недаступна. І, вядома, сама працэдура падліку галасоў, як і раней, па адпрацаванай практыцы адбывалася такім чынам, што не толькі назіральнікі, але і большасць членаў камісій не маглі быць упэўнены, што падпісаныя імі вынікі адпавядаюць бюлетэням.Я ны падпісвалі тое, чаго не бачылі і не маглі бачыць, такім чынам яны не могуць за гэта адказваць», – сцвярджаў А. Гулак.

Прадстаўнік кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі ў сваю чаргу падкрэсліў, што «выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі несвабоднымі і несправядлівымі, падлік галасоў адбываўся непразрыста і агучаныя ЦВК лічбы не вартыя даверу”. Ён таксама пагадзіўся з высновамі сваіх калегаў з нагоды праведзеных выбараў. З улікам нядопуску назіральнікаў да пратаколаў, непразрыстага галасавання дома і іншых нюансаў. Кампанія «Права выбару», як заявіў Д.Садоўскі, не можа прызнаць вынікі гэтых выбараў.

Улічваючы ўсе гэтыя факты, назіральнікі лічаць, што выбары ў Беларусі не з’яўляюцца свабоднымі і дэмакратычнымі, а абранне кіраўніка дзяржавы не адлюстроўвае волевыяўлення беларускіх выбаршчыкаў.

Рэзюмуючы выступ назіральнікаў за выбарамі, мадэратар прэс-канферэнцыі выкладчык паліталогіі ЕГУ Таццяна Чуліцкая адзначыла, што пасля выбараў журналісты вельмі любяць задаваць пытанне, якую ж падтрымку атрымаў Лукашэнка ў насельніцтва. «Але праблема Беларусі ў тым, што ніхто не ведае, якую падтрымку ён атрымаў у сілу тэхнічных парушэнняў, якія мы назіраем у ходзе кожнай кампаніі», – звярнула ўвагу яна. Паводле Чуліцкай, закрытасць працэсу не дазваляе дакладна весці размову аб падтрымцы таго ці іншага кандыдата. «Атрыманыя вынікі не адпавядаюць сацыяльнай структуры беларускага грамадства», – падкрэсліла палітолаг. 

***

Па афіцыйных дадзеных, у Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка атрымаў 83,5% галасоў, што дазволіць яму быць кіраўніком краіны на працягу пятага пяцігадовага тэрміну. Таццяна Караткевіч атрымала 4,4% галасоў выбаршчыкаў. Астатнія два кандыдаты – старшыня Беларускай ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Вярхоўны атаман беларускіх казакаў Мікалай Улаховіч атрымалі 3,3%  і 1,7% адпаведна. 

Артыкулы па тэме

Праваабаронцы патрабуюць змяніць заганную практыку адсутнасці празрыстага падліку галасоў

Палітуцякач Алесь Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь, каб бараніць правы чалавека

Праваабаронцы вітаюць вызваленне палітвязняў і заклікаюць да далейшага паляпшэння сітуацыі