Пачыналася вясёлая акцыя, прымеркаваная да юбілею Грунвальду, нявесела. Каля 18 гадзін ля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе павінна была адбыцца мірная і пазітыўная акцыя, стаялі тры аўтобусы з супрацоўнікамі АМАПу – спецыяльнага сілавога падраздзялення міліцыі.
Як толькі каля будынку бібліятэкі з’явіліся першыя ўдзельнікі флэш- мобу з падушкамі ў руках, да іх адразу ж падыходзілі АМАПаўцы і забіралі ў аўтобус. У шматлікіх мінакоў правяралі ўласныя рэчы. Агульная лічба затрыманых – больш за 70 чалавек.
Ідэя масавага мерапрыемства, няхай і непалітычнага, моцна напужала ўладу. Арышты праходзілі і на бліжэйшай станцыі метро. На вачах ў журналістаў, што прыехалі выконваць свае прафесійныя абавязкі, міліцыянты выводзілі людзей са станцыі метро і заводзілі ў аўтобус. Іх забіралі проста за наяўнасць падушкі. Ля будынку бібліятэкі пачалі збірацца бацькі і свякі затрыманых, патрабуючы вызваліць іх. Але патрабаванні дзейнічалі на міліцыянтаў раздражняльна, і затрыманых маладых людзей з падушкамі ў руказ адвезлі ў бліжэйшы пастарунак міліцыі. Каля бібліятэкі засталіся толькі супрацоўнікі АМАПу, якія сачылі, каб акцыя не пачалася зноў.
Былы палітвязень Андрэй Кім, адзін з арганізатараў флэш-мобу, так ахарактарызаваў сітуацыю: “Я такога не чакаў, гэта поўны ідэатызм! Раней я думаў, што людзі, якія ўсё гэта робяць, былі на ўзроўні псіханеўралагічнага дыспансэру, але зараз іх трэба змясціць у пакой з аббітымі войлакам сценамі”.
Юрыст Гары Паганяйла адразу пракаментаваў маёру сітуацыю: два чалавекі з узаемнай згоды маюць права біцца падушкамі там, дзе ім заманецца. І міліцыя неправамоцная разганяць. Але ж гэтыя словы так і не займелі рэакцыі.
Нагадаем, 13 ліпеня Мінгарвыканкам адмовіў зарэгістраванай МГА "Гісторыка" ў правядзенні мерапрыемства, прымеркаванага да 600-годдзя вялікай перамогі ў Грунвальдскай бітве.
Ад сталічных уладаў прыйшоў стэрыатыпны адказ: “В связи с тем, что заявление МОО “Гісторыка” о проведении массового мероприятия не соответствует требованиям части 5 ст. 5 Закона “О массовых мероприятиях”, Мингорисполком не разрешает проведение мероприятия в площадке рядом со зданием Национальной библиотеки”.
Першая акцыя "Бой падушкамі", прымеркаваная 599-годдзя Грунвальдскай бітвы, прайшла ў Мінску без дазволу ўладаў 15 ліпеня 2009 года. Праз 2 месяцы, 8 верасня 2009 году, у гонар 495-годдзя Аршанскай бітвы адбылася другая ў гісторыі беларускага падушачнага руху санкцыянаваная акцыя. Гэтым жа разам у бітве паўдзельнічала каля 400 чалавек.