Праваабаронцы:

26 сакавіка Таццяна Рэвяка, прэзідэнтка Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, была затрыманая разам з пратэстоўцамі ў цэнтры Мінску.  У выніку яна была выпушчаная без прад’яўлення абвінавачванняў. 1 красавіка Таццяна Рэвяка паведаміла, што атрымала позву ў суд на 10 красавіка. Прэзідэнтка Беларускага ДПЧ абвінавачваецца ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.

Журналісты:

31 сакавіка ў двух офісах, дзе працавалі журналісты, звязаныя з тэлеканалам “Белсат”, адбыліся вобшукі і выняццё абсталявання. ГУВД Мінгарвыканкама патлумачыла гэтыя дзеянні нібыта абаронай правоў на таварны знак па заяве праваўладальніка. Аператара «Белсата» Аляксандра Любенчука (на фота) затрымалі падчас вобшуку. У РАУСе журналіста пратрымалі больш за пяць гадзін і склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Быццам бы ён брудна лаяўся непасрэдна ў аддзяленні міліцыі (дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП). Алеся Любенчука ўжо збіраліся везці на Акрэсціна, але а 19 гадзіне раптоўна вызвалілі з міліцыі. Калі адбудзецца суд над журналістам, яму не паведамілі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала заяву з нагоды масавага пераследу журналістаў.  У заяве адзначаецца, што ў сакавіку бягучага года  былі зафіксаваныя 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў, звязаныя з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці.

Сярод іх:затрыманняў — 94; фактаў збіцця журналістаў міліцыяй —  6; фактаў пашкоджання апаратуры — 3; фактаў, калі пасля вобшуку была забраная апаратура — 2; фактаў адміністрацыйнага пераследу — 40.

У 10 выпадках журналісты былі пакараныя арыштам на тэрмін да 15 сутак, у 4 выпадках — штрафамі да 40 базавых велічын (920 BYN, што эквівалентна 460 еўра). Больш за 10 справаў яшчэ чакаюць свайго разгляду.

Актывісты:

28 сакавіка 2017 года стала вядома, што актывісту Вячаславу Касінераву, які адбываў 15-суткавы адміністратыўны арышт за ўдзел у дэманстрацыі 17 лютага у г. Мінску, было прад’яўлена абвінавачванне ў хуліганстве. Абвінавачаны быў узяты пад варту і пераведзены ў СІЗА МУС у г. Мінску.

Падставай для крымінальнага пераследу В. Касінерава стала праведзеная ім 12 сакавіка 2017 г. акцыя-перформанс каля будынка МУС у г. Мінску. У ходзе перформансу В. Касінераў накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў расійскай імперыі, якая была ўсталявана ля будынка МУС падчас святкавання 100-й гадавіны стварэння беларускай міліцыі ў лютым бягучага году. Такім чынам актывіст вырашыў выказаць свой публічны пратэст супраць міліцэйскага бясчынства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.  

Справа “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”:

На пачатак красавіка ў спісе затрыманых па справе аб падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў” застаецца 21 чалавек. Вядома, што 10-ці з іх ужо прад’яўлены абвінавачванні па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса РБ.

Частка 3 артыкула 293 КК “Масавыя беспарадкі”:

Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, якiя суправаджаюцца ўчыненнем дзеянняў, прадугледжаных часткай першай гэтага артыкула, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці

– караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

У апошні дзень сакавіка ў Мінску  актывісты розных грамадскіх рухаў і сваякі затрыманых па справе “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”  паведамілі аб тым, што выйдуць  да будынку КДБ у Мінску на пікет салідарнсці. Задоўга да пачатку меркаванай акцыі насупраць будынка КДБ былі перакрытыя вуліцы і стаяў аўтобус з супрацоўнікамі АМАПу. У выніку былі затрыманыя 5 чалавек.

Артыкулы па тэме

Дзень Волі ў Беларусі: масавыя затрыманні і судовыя працэсы

Патрабуем спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве

Беларусь: Эксперт ААН асуджае ўзнаўленне масавага гвалту супраць мірных дэманстрантаў