3 ліпеня ў Беларусі адзначаўся Дзень незалежнасці. На гэты ж дзень была прызначаная акцыя маўклівага пратэсту. Увечары 3 ліпеня людзі па ўсёй Беларусі сабраліся на прывакзальных плошчах сваіх гарадоў, каб сваім маўчаннем і апладысментамі выказаць пратэст дзеючым уладам, аднак сотні людзей па ўсёй краіне былі збітвыя і затрыманыя. Невядомыя людзі ў цывільным збівалі ды закідвалі пратэстоўцаў у спецыяльна падрыхтаваныя аўтобусы без нумарных знакаў. Таксама на Прывакзальнай плошчы ў час маўклівай акцыі пратэсту невядомы распыліў слёзатачывы газ.
У розных гарадах Беларусі было затрымана каля 400 чалавек, якія адважыліся пляскаць у далоні ў рамках мірных акцый пратэсту. Многіх з іх у ходзе закрытых судовых пасяджэнняў прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве і аштрафавалі, іншых асудзілі да адміністрацыйных арыштаў на тэрмін ад 5 да 15 сутак.
Тым не менш, на наступны дзень пасля брутальнага разгону акцыі на Прывакзальнай плошчы ў Мінску, актывісты групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» прапанавалі новую тактыку — збірацца па месцы жыхарства і ісці да ЖЭСаў.
Так, 6 ліпеня ў Мінску прайшла акцыя маўклівага пратэсту, паводле новага плану. У астатніх гарадах акцыя праходзіла ў такім жа фармаце, што і раней. Сотні людзей па ўсей краіне ўсе роўна былі жорстка збітыя і затрыманыя.
Па дадзеных праваабаронцаў, падчас акцый маўклівага пратэсту 6 ліпеня было затрымана не менш за 380 чалавек, у тым ліку больш за 190 у Мінску.
Усяго падчас маўклівых акцый, арганізаваных у Беларусі суполкай “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, было затрымана каля 1730 чалавек, з іх у Менску – 980. Акцыі праходзілі 15, 22 і 29 чэрвеня, а таксама 3 і 6 ліпеня.
Большая частка затрыманых была пакараная арыштамі і штрафамі. Некаторых адпусцілі з пастарунку пасля здачы адбіткаў пальцаў і папярэджанняў. Многія былі збітыя. Таксама людзі ў цывільным чынілі перашкоды працы журналістаў. У карэспандэнтаў канфіскоўвалі касеты, выдалялі здымкі, іх адвозілі ў міліцэйскія пастарункі, некаторых збівалі.
Меркаванне праваабаронцаў
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі (на фота) адзначае, што сабраць поўную інфармацыю няма магчымасці “з-за закрытасці судоў і адсутнасці спісаў”.
«Міліцыя хавае інфармацыю, вельмі цяжка даведацца, дзе хто знаходзіцца. Такая ж неразбярыха на судах. Не папярэджваюць сваякоў, невядома, дзе якія працэсы, каго куды цягнуць. Гэта выклікае неразбярыху, і нам даводзіцца тут прыкладаць намаганні,» – заявіў Бяляцкі.
Паводле праваабаронцы Алены Танкачовай (на фота), улады дэманструюць намер спыніць маўклівыя акцыі і можна чакаць больш жорсткіх захадаў:
«З пункту гледжання абароны правоў чалавека відавочна, што мы маем справу з надзвычай грубымі і масавымі парушэннямі права на свабоду думкі і свабоду яе выказвання, на свабоду асацыяцый і сходаў,”- сказала праваабаронца.
Пратэстоўцы – гэта “шалудзівая маса”
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка (на фота) ў сваю чаргу назваў пратэстуючых «ворагамі народа» і заявіў: “Гэтая ўся шалудзівая маса невялікая, якая топчацца на плошчах. Не тое рыкае, не тое – тупае, не то – крычыць. Яны хочуць скарыстацца момантам. Яны выдатна разумеюць, што кожны дзень мы будзем з гэтага становішча, панікі, выходзіць. І мы выходзім. Пятая калона разумее, што яшчэ тры месяцы – і людзі забудуць, што дзесьці цэны падняліся, іншыя праблемы паўсталі. І тады асновы тупаць і мычаць не будзе, таму яны спяшаюцца і лезуць напралом. У іх, ці бачыце, «чорныя» серады, там збіраецца 500-600 чалавек і пачынаюць правакаваць, каб карцінку даць і паказаць на Захадзе. Бо грошы ім на гэта даюць, гэта не бясплатна”.
Міжнародная супольнасць супраць
Жорсткі разгон акцый выклікаў хвалю абурэння. Так, дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў сур’ёзную заклапочанасць і шкадаванне з нагоды працягу гвалту з боку беларускіх уладаў: “Я заклікаю беларускія ўлады вызваліць затрыманых, а ў далейшым ўстрымлівацца ад ужыцця гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян і забяспечваць павагу да фундаментальных правоў і свабодаў чалавека”, – заявіў Аўдронюс Ажубаліс.
Андрэс Хэркель, дакладчык Парламентскай асамблеі Рады Еўропы, асудзіў “новую хвалю рэпрэсій у дачыненні да людзей, якія выступілі з мірным пратэстам, журналістаў і праваабаронцаў” у Беларусі.
“Я занепакоены жорсткім разгонам мірных дэманстрантаў у Мінску і іншых гарадах 3 ліпеня, калі сотні людзей былі жорстка збітыя і затрыманыя толькі за тое, што яны пляскалі ў далоні”, – заявіў Хэркель.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Нuman Rights Watch асудзіла разгоны мірных акцый пратэсту ў Беларусі і заклікала ўлады неадкладна вызваліць затрыманых.
“Задушэнне акцый міліцыяй ў Беларусі жорсткае, абсурднае і няправільнае. Арышты людзей за тое, што яны мірна ходзяць або пляскаюць у далоні, – абуральнае парушэнне права на мірныя сходы”, – гаворыцца ў заяве Х’ю Уільямсана, дырэктара Нuman Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» таксама асудзіла арышты журналістаў падчас маўклівых пратэстаў, якія прайшлі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі.
Кіраўнік аддзела Еўропы і Цэнтральнай Азіі «Рэпарцёраў без межаў» Іаган Бір лічыць, што рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх журналістаў выкліканыя тым, што «акцыі маўклівага пратэсту арганізоўваюцца праз медыя, у першую чаргу праз інтэрнэт-медыя, бо яны называюцца «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».
«Улады цяпер сталі даволі паранаідальна ставіцца да асвятлення журналістамі дэманстрацый, паколькі сам факт, што так шмат людзей выходзіць на дэманстрацыі, спрыяе мабілізацыі. Я думаю, яны проста баяцца самой інфармацыі», — сказаў Бір.
Артыкулы па тэме
У Беларусі затрымліваюць і збіваюць за маўчанне
Беларускія ўлады пачалі паляванне на сацыяльныя сеткі
Міжнародная супольнасць цісне на рэжым Беларусі новымі санкцыямі