Па словах Сяргея Гоўшы, якога цытуе Беларускі праўны партал, яны абураныя самой формай адказу: “ваша заява аб правядзенні пікету ў горадзе Баранавічы не адпавядае дзейным нарматыўным актам”.

У сваёй заяве ў пракуратуру праваабаронцы звяртаюць увагу, што ім зусім не паведамлена, у чым справа, які нарматыўны акт яны парушылі.

Таксама ўказваюць пра парушэнне тэрміну адказу. Згодна з законам, адказ павінен быў прыйсці за 5 дзён да правядзення мерапрыемства, а прыйшоў за 2 дні. Калі б нават і быў дазвол, то не хапіла б часу на падрыхтоўку пікету, для таго, каб паведаміць у прэсу і г.д.

Па дазвол на пікет праваабаронцы звярнуліся ў Баранавіцкі гарвыканкам 24 верасня бягучага года. Мэтай пікетавання было прыцягненне ўвагі грамадскасці і ўладаў да праблемы смяротнага пакарання ў краіне.

Прысуджаны да смерці папрасіў аб памілаванні

Як будзе развівацца стаўленне да смяротнай кары ў Беларусі, можа таксама паказаць рэакцыя кіраўніка дзяржавы на прашэнне Васіля Юзэпчука, якога суд прызнаў вінаватым у забойстве 6 пажылых жанчын.

Як паведамляе “Вясна’96”, 16 кастрычніка адвакат В. Юзэпчука падрыхтаваў хадайніцтва аб памілаванні на імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Асуджаны просіць захаваць яму жыццё, паколькі магчыма, што ў будучым з’явяцца абставіны, якія пацвердзяць яго невінаватасць. Калі ж прысуд будзе выкананы, то, у выпадку выяўлення памылкі, выправіць яе будзе немагчыма.

Беларускія праваабаронцы таксама выказваюць сваю занепакоенасць тым, што прысуд у дачыненні да Юзэпчука ў хуткім часе можа быць выкананы.

– Безумоўна, мы спадзяемся на аб’ектыўны, бесстаронні разгляд справы, паколькі ідзе гаворка пра найвышэйшую каштоўнасць – жыццё чалавека. Мы спадзяемся, што Камісія па пытаннях памілавання прыкладзе фактычныя намаганні ў накірунку скасавання ў Беларусі смяротнай кары ў прынцыпе і такім першым крокам можна будзе разглядаць станоўчае рашэнне на хадайніцтва Васіля Юзэпчука аб памілаванні”, – адзначае юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч

Даведка:

Згодна з артыкулам 84 (п.19) Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прэзідэнт “ажыццяўляе памілаванне асуджаных”. Асобы, асуджаныя да смяротнага пакарання, могуць звярнуцца з хадайнітвам да прэзідэнта на працягу дзесяці сутак з дня атрымання копіі прысуду ці касацыйнага азначэння. Прэзідэнт таксама разглядае матэрыялы ў дачыненні да асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання, якія не хадайнічаюць аб памілаванні. Справы ўсіх асуджаных да выключнай меры пакарання разглядаюцца першапачаткова Камісіяй па пытаннях памілавання, затым перадаюцца прэзідэнту для прыняцця канчатковага рашэння. Указы аб памілаванні і адхіленні хадайніцтваў аб памілаванні падпісваюцца асабіста прэзідэнтам. Памілаванне асуджаных ажыццяўляецца ў выглядзе замены смяротнай кары пажыццёвым зняволеннем.

У дакладзе “Смяротнае пакаранне ў рэгіёне АБСЕ. Даведачны дакумент 2008 году” адзначаецца, што паводле прадстаўленай дзяржавай у АБСЕ інфармацыі, у 2008 годзе замена смяротных прысудаў на мякчэйшае пакаранне ў дачыненні да асуджаных па працэдуры памілавання ў Беларусі не прымянялася.