Экспертная група Беларускай асацыяцыі журналістаў прааналізавала СМІ падчас выбараў у Беларусі і прыйшла да высновы, што тэма парламенцкіх выбараў у СМІ асвятляецца недастаткова. «У правядзенні выбарчай кампаніі ды ў яе асвятленні выразна праглядаюцца рысы агульнапалітычнага застою, якія часам кваліфікуюць як палітычную стабільнасць», – адзначыў аналітык Алесь Анціпенка.
Цэнтрвыбаркам лічыць выбары лакальным і камерным мерапрыемствам
Дзяржаўныя СМІ, паводле маніторынгу, па-ранейшаму акцэнтуюць увагу на арганізацыі ды тэхнічных аспектах выбарчага працэсу. Галоўнай крыніцай інфармацыі для дзяржаўных медыяў застаюцца ЦВК і акруговыя камісіі.
Паводле экспертнай групы БАЖ, выступы кандыдатаў транслююцца ў запісе, што дае магчымасць цэнзураваць звароты да выбаршчыкаў. Апроч таго, у тэлепраграме выступы кандыдатаў анансуюцца пад рубрыкай «Выбары-2012», не акцэнтуючы ўвагу на тым, хто менавіта будзе выступаць і інтарэсы якой партыі кандыдат прадстаўляе.
Такое асвятленне выбарчага працэсу добра тлумачыцца ацэнкай характару парламенцкай кампаніі з боку старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай: «Усё ж такі гэта не выбары прэзідэнта, калі кандыдаты, яны прадстаўляюць усю краіну ў цэлым і, відавочна, прадстаўляюць дастаткова розныя пункты гледжання. Што датычыцца цяперашніх выбараў, то тут будуць дэбатаваць перш за ўсё праблемы, цікавыя для выбаршчыкаў кожнай выбарчай акругі. Таму, цалкам магчыма, яны будуць насіць дастаткова камерны характар», – заявіла старшыня ЦВК.
«Я не ведаю, ці ўсведамляла Лідзія Ярмошына, што яна казала. Але сэнс яе словаў у тым, што парламенцкія выбары – гэта не буйная агульнарэспубліканская кампанія, а камернае і лакальнае мерапрыемства, якім займаецца Цэнтрвыбаркам», – адзначыў сябра Рады БАЖ Алесь Анціпенка на сустрэчы з журналістамі.
Сябраў БАЖ не хочуць бачыць у Назіральнай радзе па СМІ
5 верасня сябра Цэнтрвыбаркама з дарадчым голасам Ігар Лялькоў прапанаваў ЦВК уключыць у склад Назіральнай рады па кантролі за захаваннем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ старшыню ГА «БАЖ» Жанну Літвіну і яе намесніка Андрэя Бастунца, а таксама намесніка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Змітра Панкаўца. На дадзены момант у складзе Назіральнай рады 7 чалавек — прадстаўнікі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, заснаваных дзяржавай, і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Аднак старшыню БАЖ Жанну Літвіну і яе намесніка Андрэя Бастунца не ўключылі ў склад Назіральнай рады.
Першы намеснік галоўнага рэдактара дзяржаўнай газеты «СБ — Беларусь сегодня» Міхаіл Лябедзік заявіў, што прысутнасць Літвіной і Бастунца ў Радзе палічылі «немэтазгоднай»: «Так, гэтае пытанне разглядалася. Рашэнне такое, што — не. Немэтазгодна!»
Праўда, Лябедзік удакладніў, што сябры Назіральнай рады канчатковага рашэння не прымаюць — яны толькі даюць рэкамендацыі. І ў гэтым выпадку Цэнтравыбаркам спытаўся думкі сябраў наконт асобаў, якіх было прапанавана ўвесці ў склад рады, а тыя ўжо выказалі сваё стаўленне.
Артыкулы па тэме
Перад выбарамі КДБ зацікавіўся сацыяльнымі сеткамі
Беларускі ЦВК зусім не рады назіральнікам АБСЕ
КДБ дакарае праваабаронцаў за непацверджаную інфармацыю, але сам дае непраўдзівыя звесткі