Мы асуджаем выкарыстанне сілы і гвалту супраць мірных дэманстрантаў у Дзень Св. Валянціна (14 лютага) і Дзень Салідарнасці (16 лютага) у Менску. Нам прыкры той факт, што ў Беларусі людзі пазбаўленыя іх асноўнага права на мірнае выказванне нязгоды.

Маладзёвы апазіцыйны рух “Малады Фронт” ладзіць акцыі ў Дзень Св. Валянціна, 14 лютага, з 1997 году. Сёлета сотні актывістаў беларускага “Маладога Фронту” і іншых маладзёвых арганізацыяў сабраліся суботнім надвячоркам на плошчы Якуба Коласа. Хаця арганізатары прасілі дазволу правесці дэманстрацыю, іх заява была адхіленая. Не зважаючы на тое, што сход быў мірны, міліцыянты і амапаўцы заблакавалі шлях дэманстрантаў, калі тыя паспрабавалі прайсці на праспект Незалежнасці, і ўжылі сілу, збіваючы многіх актывістаў. Сярод параненых апынуліся маладзёвыя актывісты Зміцер Дашкевіч, Мікола Дземідзенка і Павал Кур’яновіч. 

Іншая мірная акцыя, арганізаваная 16 лютага дзеля салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і зніклымі людзьмі, таксама была брутальна разагнаная. У гэтым выпадку заява на правядзенне дэманстрацыі таксама была адхіленая. Апазіцыйныя лідэры і актывісты, былыя палітвязні і звычайныя грамадзяне сабраліся на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі арыштаваных Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзімера Асіпенкі, Арцёма Дубскага і заклікалі да іх вызвалення. Праз дзесяць хвілін пасля таго, як удзельнікі акцыі сабраліся, яны былі атакаваныя мноствам амапаўцаў. Людзі былі гвалтоўна выпхнутыя з Кастрычніцкай плошчы, паваленыя на зямлю і збітыя. Сярод параненых былі Зміцер Бародка, Уладзімер Сяргееў, Андрэй Кім, Паліна Кур’яновіч. 

Мы нагадваем Ураду Беларусі, што права на свабоду сходаў абароненае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), падпісаным і ратыфікаваным Беларуссю. Артыкул 21 дадзенага Пагаднення заяўляе: “Права на мірны сход павінна быць прызнанае. Не могуць быць усталяваныя ніякія абмежаванні для ажыццяўлення гэтага права – апрача прынятых паводле Закону і неабходных у дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнай ці дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны здароўя і маралі грамадства альбо абароны правоў і свабодаў іншых”. 

Акрамя гэтага, Дэкларацыя правоў і абавязкаў асобаў, груповак і органаў грамадства дзеля распаўсюду і абароны універсальных прызнаных правоў чалавека і асноўных свабодаў пацвярджае, што “з мэтай прасоўвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў, усе маюць права, індывідуальна і ў супрацоўніцтве з іншымі, на нацыянальным і міжнародным узроўнях: мірна сустрэцца альбо сабрацца разам” (Артыкул 5а Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН 53/144 ад 8 сакавіка 1999 году). 

Як удзельніца МПГПП, Беларусь мае неадкладныя юрыдычныя абавязанні абараняць свабоду сходаў. Хаця свабода сходаў прадугледжаная беларускім заканадаўствам, на практыцы яна надзвычай абмежаваная. Пастановы аб тым, каб не дазволіць сходы ад 14 і 16 лютага, не адпавядаюць Артыкулу 21 МПГПП і таму з’яўляюцца парушэннем свабоды сходаў, гарантаваных МПГПП. 

Акрамя гэтага, мы заклапочаныя празмерным і непрапарцыйным выкарыстаннем сілы супраць тых, хто ажыццявіў сваё права на мірны сход, і нагадваем Вам, што, згодна з міжнароднымі стандартамі, “у разгоне сходаў, якія хоць і не законныя, але маюць негвалтоўны характар, афіцыйныя асобы, якія сочаць за прытрымліваннем законаў, павінны пазбягаць выкарыстання сілы альбо, дзе гэта немагчыма, абмежаваць гэткую сілу да мінімальна неабходнай” (Артыкул 13 Асноўных прынцыпаў па выкарыстанні сілы і агнястрэльнай зброі прадстаўнікамі праваахоўных органаў прыняты VIII Кангрэсам ААН па прадухіленні злачыннасці і стаўленню да правапарушальнікаў, Гавана Куба, 27 жніўня – 7 верасня 1990 году).

Абапіраючыся на выкладзеную вышэй інфармацыю, мы дамагаемся, каб Вы больш не заміналі мірным акцыям, сходам і дэманстрацыям, устрымаліся ад выкарыстання сілы і гвалту супраць мірных дэманстрантаў, і, нарэшце, правялі расследаванне ў справе выкарыстання сілы і гвалту у час дэманстрацыяў 14 і 16 лютага ды аддалі пад суд злачынцаў і ініцыятараў гвалту.  

З павагай, 

  • Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія)
  • Нарвежскі Хельсінскі камітэт (Нарвегія)

 

  • Харвацкі Дом правоў чалавека (ад імя наступных няўрадавых арганізацыяў):
  • APEO – Асацыяцыя падтрымкі аднолькавых магчымасцяў для інвалідаў
  • CMS – Цэнтр мірных даследаванняў у Заграбе
  • Documenta – Цэнтр сувязяў з мінуўшчынай
  • GOLJP – Грамадзянскі камітэт па правах чалавека
  • Svitanje – Асацыяцыя абароны і падтрымкі разумовага здароўя
  • B.a.B.e – Жаночая праваабарончая група

 

  • Дом правоў чалавека Сараева (ад імя наступных няўрадавых арганізацыяў):
  • Асацыяцыя жанчын-грамадзянак «Адраджэнне»
  • Фундацыя CURE
  • Хельсінскі Камітэт па правах чалавека ў Босніі і Герцагавіне
  • Рэгіянальны каардынатар для маладзёвых суполак
  • Сербская муніцыпальная Рада
  • Рух за роўнасць
  • Рада кантона Сараева
  • Цэнтр “Жанчына і Грамадства”

 

  • Расейскі Даследчы цэнтр правоў чалавека
  • Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні (Літва)
  • Артыкул 19 (Вялікая Брытанія)
  • Хельсінская праваабарончая фундацыя (Польшча) 

 

  • ADI (Асацыяцыя дэмакратычных ініцыятыў (колішняя югаслаўская Рэспубліка Македонія)
  • Першая дзіцячая амбасада – Megjashi (колішняя югаслаўская Рэспубліка Македонія)
  • Македонскі Цэнтр жаночых правоў (колішняя югаслаўская Рэспубліка Македонія) 

 

  • Інстытут за свабоду і ахову рэпарцёраў (Азербайджан)
  • WARD (Азербайджан)
  • Хельсінская Асацыяцыя (Арменія)
  • Цэнтр правоў чалавека (Грузія)

Documents: