У кватэры Пачобута зрабілі ператрус і сканфіскавалі камп’ютары. Самога журналіста павезлі на допыт, дзе ён адмовіўся адказваць на пытанні, пасля чаго яго завезлі ў гарадзенскую турму.
Пра арышт журналіста распавядае яго жонка Аксана:
«Андрэй працаваў у хаце, пісаў артыкул пра Алеся Бяляцкага. Прыйшла міліцыя да нас дадому, з абласной пракуратуры. Прыйшлі шэсць чалавек: гэта быў следчы, два чалавекі ў мундзірах, яшчэ два мужчыны і адна жанчына ў цывільным. Следчы сказаў, што ў нас у хаце будзе вобшук, але што гэта ўсё адбудзецца хутка, бо яны прыйшлі па камп’ютар і па Андрэя, каб звазіць яго на допыт. Усё трывала, як мне падалося, менш за гадзіну. Яны забралі камп’ютар і забралі Андрэя, які ўжо ведаў, што яго сёння пасадзяць у турму. Ён сабраў у сумку рэчы, якія змог сабраць на хуткую руку. Яго адразу адвезлі ў пракуратуру, там ён сустрэўся з адвакатам, адмовіўся даваць паказанні, і яго адразу павезлі ў турму».
У дачыненні да Андрэя Пачобута Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці па матэрыялах праверкі УКДБ па Гродзенскай вобласці распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 367 (паклёп у адносінах да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) КК Рэспублікі Беларусь.
«З матэрыялаў праверкі вынікае, што ў шэрагу публікацый, падрыхтаваных А. Пачобутам і распаўсюджаных з дапамогай інфармацыйных рэсурсаў сеткі Інтэрнэт, утрымліваліся паклёпніцкія выказванні ў адносінах да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — растлумачылі ў Следчым камітэце.
Таксама вядома, што ў рамках праверкі былі прызначаныя і праведзеныя лінгвістычныя экспертызы. Паводле заключэння экспертаў, у прадстаўленых публікацыях утрымліваюцца словы, фразы і выразы ў адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да паклёпу і дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь.
Арт. 367. ч. 2 прадугледжвае абмежаванне волі тэрмінам на пяць гадоў або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.
Таццяна Равяка: «Гэты арышт – папярэджанне ўсім журналістам»
Прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека праваабаронца Таццяна Равяка (на фота) гаворыць пра тое, што арышт журналіста можа разглядацца як спроба запалохаць усіх журналістаў перад парламенцкімі выбарамі, што пройдуць у Беларусі 23 верасня:
«Канечне, гэта вельмі кепскія тэндэнцыі — напярэдадні выбараў затыкаць рот журналістам. Гэты арышт — папярэджанне ўсім журналістам, якія ў тым ліку збіраюцца аб’ектыўна асвятляць выбары, у тым ліку паказваць нейкія недахопы, якія існуюць у краіне падчас выбарчай кампаніі, і не ў звязку з выбарчай кампаніяй, у сувязі з агульнай сітуацыяй у краіне. Гэта проста знак усім астатнім журналістам прыкрыць рот».
***
Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Газэты выборчай» у Беларусі, супрацоўнічае таксама з шэрагам беларускіх выданняў. Амаль год таму, 5 ліпеня 2011 года, Ленінскі суд Гродна вынес рашэнне, згодна з якім Пачобут быў апраўданы па ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым па частцы 1 артыкула 367 КК (паклёп на прэзідэнта).
У аснове крымінальнай справы тады былі 8 публікацый журналіста з «Газэты выборчай» і дзве з інтэрнэта — з сайта «Беларускі партызан» і «Жывога журналу».
Артыкулы па тэме
Ператрус у рэдакцыі – падарунак на дзень свабоды прэсы
Фундацыя Дамоў Правоў Чалавека паведаміла ААН пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі