Мікалай Дзядок напісаў адкрыты ліст, у якім распавёў пра акалічнасці сваёй справы і новы тэрмін зняволення.

“26 лютага гэтага года я быў асуджаны па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса на 1 год пазбаўлення волі. Назва гэтага артыкула – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Прысуд мне вынесены ў турме, за 5 дзён да заканчэння майго папярэдняга тэрміну – 4 гады 6 месяцаў. Адзначу таксама, што мне прызначана максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – 1 год з магчымага 1 года. У 2012 годзе па гэтым жа артыкуле быў асуджаны ўжо былы палітычны зняволены Зміцер Дашкевіч.У чым жа складалася маё «злачынства»? У 16-ці дысцыплінарных парушэннях без малога за 2 гады знаходжання ў турме № 4 і ў прыватнасці: нашэнне спартыўнага касцюма, перамовы з суседнімі камерамі і хаджэнне па камеры пасля 22 гадзін. Немалаважна тое, што за кожнае з гэтых 16-ці парушэнняў я ўжо быў пакараны ў дысцыплінарным парадку, атрымаўшы вымову або ад 5 да 10 сутак ШІЗА (штрафнога ізалятара), адседзеўшы ў штрафным ізалятары толькі ў гэтай турме 60 сутак”, – распавёў у лісце Мікалай Дзядок (на фота).

Праз адкрыты ліст Мікалай дзядок звяртаецца да міжнародных і беларускіх праваабарончых структур, зацікаўленых у захаванні правоў чалавека міжнародных арганізацый і да ўсіх неабыякавых людзей Беларусі з заклікам зрабіць усё магчымае для адмены артыкула 411: “Вядома, мне вельмі хацелася б крычаць на ўвесь свет аб несправядлівасці і зло, якое здзейсніла і здзяйсняе са мной карная сістэма, але яшчэ больш я хачу стаць апошнім асуджаным па артыкуле 411 КК”.

Меркаванне Юрыста: «Пакаранне па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса – гэта адвольнае пазбаўленне волі»

Юрыст Павел Сапелка (на фота), які шмат гадоў працаваў адвакатам, адзначае, што склад злачынства, які закладзены ў артыкуле 411 КК – адзін з нямногіх па заканадаўстве Беларусі, калі ўмовай крымінальнай адказнасці з’яўляецца дысцыплінарная прэюдыцыя, то бок здзяйсненне дысцыплінарных праступкаў. Павел Сапелка звяртае ўвагу на тое, што практыка пакарання па арт.411 КК зняволеных за тыя ж правіны, за якія яны ўжо панеслі пакаранне ў дысцыплінарным парадку, парушае шырока вядомы прынцып «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне. Гэты прынцып замацаваны, у тым ліку, у Крымінальным кодэксе Беларусі.

Крымінальна-выканаўчае заканадаўства Беларусі не мае закрытага пераліку парушэнняў, якія могуць цягнуць дысцыплінарную адказнасць: за парушэнне ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання да асуджаных да пазбаўлення волі могуць прымяняцца рознага кшталту захады. Закон не ўтрымлівае ўказанняў на грамадскую небяспеку такога кшталту парушэнняў. Спагнанні за такія парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній – афіцэрамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта спараджае практыку адвольнага, часцяком не адпавядаючага цяжару правіны прыцягнення да адказнасці; гэтыя недахопы немагчыма ліквідаваць нават з выкарыстаннем інстытута судовага абскарджання накладзеных спагнанняў.

Адзіным відам пакарання за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага арт.411 КК, хоць і аднесенага да не ўяўляючага вялікай грамадскай небяспекі, з’яўляецца пазбаўленне волі, што супярэчыць прынцыпам крымінальнага закона і крымінальнай адказнасці – справядлівасці і гуманізму. Пры гэтым, нават за больш цяжкія злачынствы, учыненыя асуджанымі да пазбаўлення волі – хуліганства, крадзеж, рабаванне, прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, не выключана прызначэнне пакарання ў выглядзе штрафу, грамадскіх, папраўчых работ, абмежавання волі.

На думку Паўла Сапелкі, усё выкладзенае ў сваёй сукупнасці «дазваляе сцвярджаць пра адвольны характар пазбаўлення волі за непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, няхай і злоснае». Ён упэўнены, што вінаватыя асобы павінны ў гэтым выпадку несці адказнасць, абмежаваную мерамі дысцыплінарнага характару, тым больш, што спектр гэтых мер прадугледжаны крымінальна-выканаўчым заканадаўствам у дастатковай меры шырокі і дыферэнцыраваны па сваім характары: «Адпаведна, артыкул 411 павінен быць выключаны з Крымінальнага кодэкса».

Documents: