Былыя палітвязні асцярожныя з выказваннямі і аповедамі пра тое, што адбывалася з імі за кратамі.
“Я думаю, што я не маю права сёння падрабязна распавядаць, што са мной адбывалася, таму што мая сям’я, калегі, аднадумцы сёння застаюцца закладнікамі. Я па сабе ведаю, як любое неасцярожнае слова можа быць выкарыстана супраць іх”, – заявіў журналістам Андрэй Саннікаў (на фота).
Зміцер Бандарэнка (на фота) прызнаўся, што дагэтуль не адчувае сябе вольным: “Я не адчуваю сябе сёння вольным чалавекам свабоднай краіны. Я па-ранейшаму закладнік. І мае думкі сёння — гэта разважанні закладніка, у якога раптам змяніліся ўмовы ўтрымання”.
Андрэй Саннікаў пасля вызвалення заявіў, што ў турме рабілася ўсё магчымае, каб ён не выйшаў на волю: “Магу толькі сказаць, што, на мой погляд, была мэта знішчыць мяне фізічна, пажадана давесці да самагубства, штурхнуўшы да бестэрміновай галадоўкі. Зрабіць так, каб фізічную ліквідацыю можна было спісаць на добраахвотнае рашэнне пайсці з жыцця. Я баюся, што тое самае адбываецца з Сяргеем Каваленкам і іншымі палітвязнямі…”.
Са словаў Саннікава, яго катавалі і ў турме КДБ падчас следства, і ў калоніі падчас адседкі. “Мая адседка скончылася ў верасні, пасля былі катаванні”, — сказаў ён са скрухай.
Еўрапейскія палітыкі заклікаюць вызваліць астатніх палітвязняў
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан (на фота) заявіла: “Вітаю навіну аб тым, што былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і арганізатар яго кампаніі Зміцер Бандарэнка цяпер вольныя і могуць уз’яднацца са сваімі сем’ямі і сябрамі. Я заклікаю ўлады Беларусі безумоўна вызваліць зараз усіх іншых палітычных зняволеных і зняць усе абмежаванні на ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў. Гэта, несумненна, будзе спрыяць магчымасці прасоўвацца наперад у напрамку паляпшэння адносін паміж ЕС і Беларуссю”.
“Гэта першы фундаментальны крок, якога, натуральна, можна было чакаць у сітуацыі, калі кіраўнік дзяржавы абяцаў прабачыць тым, хто пра гэта прасіў. ЕС неаднаразова падкрэсліваў, што ўсе палітычныя зняволеныя павінны быць вызвалены і рэабілітаваныя, толькі тады мы можам разглядаць нармалізацыю адносінаў з Мінскам”, – сказаў Еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле.
Сваякі палітвязняў настроеныя не надта аптымістычна
Наталля Пінчук стрымана каментуе перспектывы хуткага выхаду з турмы свайго мужа Алеся Бяляцкага: “Вельмі рада за тое, што адбылося, за іх і іхнія сем’і. Але што да перспектываў вызвалення прынамсі Алеся, то я іх не бачу. У ягонай справе з’явіліся сігналы, якія сведчаць хутчэй пра адваротнае”.
Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, адмовілася прагназаваць перспектывы вызвалення мужа, але нагадала пазіцыю, якую Мікалай Статкевіч выклаў у апошнім лісце: “Ён просіць нашых сяброў у Еўропе, што б з ім ні адбывалася, не мяняць пазіцыю”.
***
Андрэй Саннікаў быў узяты пад варту з 20 снежня 2010 г., асуджаны 14 траўня 2011 г. судом Партызанскага раёна г. Мінска па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады) да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №3 у Віцебску.
Зміцер Бандарэнка ўзяты пад варту з 20 снежня 2010 г., асуджаны 27 красавіка 2011 г. судом Першамайскага раёна г. Мінска па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх) да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №15 у Магілёве.
Артыкулы по тэме
Былы палітвязень Аляксандр Малчанаў зноў за кратамі
Паводле турэмнага лекара, Сяргей Каваленка мае «скрайнюю ступень абяссілення»
Ціск і пагрозы для жыцця і здароўя – навіны пра беларускіх палітвязняў