У розных краінах свету было прынята ў агульнай складанасці больш як 104,5 тысячы мер у падтрымку Бяляцкага – удзельнікі глабальнай кампаніі, якая доўжылася амаль тры месяцы, выказвалі сваю падтрымку ў самай рознай форме.
Напрыклад, у Японіі і Паўднёвай Карэі было зроблена некалькі тысяч ліхтарыкаў (на фота). Больш за 1000 ліхтарыкаў былі запаленыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага і іншых вязняў сумлення.
У Люксембургу такія воданепранікальныя ліхтарыкі адправіліся ў плаванне ўніз па рацэ ў цэнтры горада, расказваючы пра палітычных вязняў, у тым ліку пра Алеся Бяляцкага. Школьнікі з Тога напісалі беларускаму праваабаронцу ліст, а ў Парагваі быў арганізаваны велапрабег, удзельнікі якога затым падпісалі петыцыю з патрабаваннем вызваліць Бяляцкага. У Славеніі пра існаванне вязняў сумлення расказвалі вулічныя плакаты. Актывісты Фінляндыі правялі акцыю з запаленымі свечкамі і партрэтамі палітзняволеных.
Суседняя Польшча далучылася да марафона шматлікімі творчымі акцыямі. За суткі ў краіне было арганізавана амаль 40 тысяч мерапрыемстваў у падтрымку беларускага праваабаронцы. Так, мастак-графітыст намаляваў лісты, якія падаюць у паштовую скрыню. Алесь Бяляцкі таксама быў намаляваны на вялікай вулічнай карціне ў Варшаве. «Каляндар суперажывання», сімвалізуючы турэмную камеру Бяляцкага, быў перададзены прэзідэнту Польшчы Браніславу Камароўскаму, а актывістка з Познані прадэманстравала сваю салідарнасць з Бяляцкім, удзельнічаючы ў спецыяльнай фотаакцыі.
Вялікая колькасць жыхароў краін Еўропы, ад Італіі да Вялікабрытаніі, падпісалі петыцыі за свабоду Алеся Бяляцкага. Адрасантам петыцый і лістоў салідарнасці праваабаронцы раздавалі налепкі з выявай беларускага палітзняволенага.
У спісе краін, дзе прайшоў марафон, — Аўстрыя, Бельгія, Бермудскія астравы, Балгарыя, Канада, Кіпр, Чэхія, Фінляндыя, Гана, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Японія, Латвія, Люксембург, Малі, Мальта, Малдова, Манголія, Парагвай, Польшча, Партугалія, Пуэрта-Рыка, Румынія, Расія, Славакія, Славенія, Паўднёвая Карэя, Швецыя, Швейцарыя, Тайвань, Тога, Туніс, Украіна, Венесуэла, Вялікабрытанія.
Штогадовы праваабарончы марафон па напісанні лістоў «Міжнароднай амністыі» стартаваў 7 снежня 2012 года, напярэдадні Дня правоў чалавека, і прайшоў па ўсім свеце пад лозунгам «Пішам за правы! Даможамся перамен!». Мэтай акцыі было прыцягненне ўвагі міжнароднай грамадскасці да лёсу праваабаронцаў, якіх пераследуюць улады ў розных краінах свету.
***
У жніўні 2011 года Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачванні ва «ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйных памерах” па артыкуле 243, частка 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 24 лістапада, пасля амаль чатырох месяцаў папярэдняга зняволення, Мінскі Першамайскі раённы суд прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў строгіх ўмовах рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці – у тым ліку памяшкання, якое выкарыстоўвалася для офіса ПЦ “Вясна” – і да штрафу 757.526.717 беларускіх рублёў (каля 70.000 эўра). 24 студзеня 2012 года Мінскі гарадскі суд пацвердзіў прысуд па апеляцыі, ўсе хадайніцтвы, пададзеныя адвакатамі Бяляцкага былі адхіленыя. 29 сакавіка 2012 года, той жа суд вынес новае рашэнне, загадаўшы яму заплаціць дадатковую суму 140.366.151 рублёў (каля 12 700 еўра) штрафа ў дадатак да папярэдніх штрафаў, якія ўжо былі выплачаныя ў студзені 2012 года, у сувязі з меркаванай несвоечасовай выплатай запазычанасці.На сваёй 64-й сесіі Працоўная група па адвольных затрыманнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) прыняла рашэнне, у якім яна прызнала, што затрыманне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, прэзідэнта Праваабарончага цэнтру “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH, было адвольным.
Артыкулы па тэме
Знакавае рашэнне ААН: Затрыманне Алеся Бяляцкага адвольнае, патрабуецца вызваленне і кампенсацыя
Выканаўчы дырэктар Фонду Дамоў правоў чалавека Марыя Дале пра Алеся Бяляцкага: «Чалавек волі»
Сетка Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага