Напачатку прэс-канферэнцыі Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што ні злосці, ні крыўды з прычыны таго, што да яго арышту меў дачыненне літоўскі бок,  ён не мае. “Не  літоўскі ўрад мяне пасадзіў у турму, мяне  пасадзілі ўлады Беларусі”, – сказаў праваабаронца. Алесь Бяляцкі адзначыў, што яго вызваленне – гэта першы крок да дыялогу паміж Беларуссю і ЕС, аднак нагадаў, што дагэтуль за кратамі па палітычных матывах знаходзяцца яшчэ 7 чалавек і толькі з іх вызваленнем можна будзе ўступіць у дыялог з уладамі Беларусі. “Пакуль ёсць палітвязні ў Беларусі, ніякіх сур’ёзных размоваў пра паляпшэнне адносін быць не можа”, – сказаў Алесь Бяляцкі.

Перад пачаткам прэс-канферэнцыі Алесь Бяляцкі адчапіў з дзвярэй Дома правоў чалавека плакат “Свабоду Алесю Бяляцкаму”, які правісеў там ад самага пачатку зняволення Алеся.  Бяляцкі настойвае, што яго вызваленне з  турмы яшчэ занадта рана ацэньваць як пазітыўныя зрухі у пытанні з правамі  чалавека ў Беларусі. Паводле яго слоў, Захад павінен не спяшацца з высновамі.

Алесь Бяляцкі таксама адзначыў, што яму вельмі дапамагала падтрымка калег-праваабаронцаў і звычайных людзей з усяго свету: “За ўвесь час свайго зняволення я атрымаў тысячы паведамленняў ад самых розных людей. Мне пісалі не толькі палітычныя і грамадскія актывісты, але і дзеці, і пенсіянеры.  І гэта мне вельмі дапамагала і падтрымлівала ў сітуацыі ізаляцыі, у якой я апынуўся”. Так, Бяляцкі распавёў, што адміністрацыя калоніі рабіла ўсё мажлівае, каб  цалкам ізаляваць палітвязня ад кантактаў з іншымі асуджанымі: “Калі які-небудзь чалавек загаворваў са мной, праз некаторы час ён знікаў з калоніі”.

Праваабаронца заявіў, што ён і яго сям’я застаюцца жыць у Беларусі і сам ён працягне сваю праваабарончую дзейнасць: “Беларусь без палітвязняў – вось галоўная мэта беларускіх праваабаронцаў”.

***

Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня – у дзень уступлення ў сілу Закона “Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і правёў у зняволенні 1052 дні. Працоўная група па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН прызнала арышт Алеся Бяляцкага адвольным.

Documents: