Андрэй Дундукоў, які быў затрыманы 21 сакавіка і знаходзіцца ў СІЗА-1, застанецца пад вартай яшчэ на чатыры месяцы, Уладзімір Фёдараў, які быў затрыманы 29 сакавіка і знаходзіцца ў СІЗА КДБ, – на два месяцы.
Цягам дня з’явілася аналагічная інфармацыя адносна Сяргея Стрыбульскага, які быў затрыманы 21 сакавіка і цяпер знаходзіцца ў СІЗА-1. Яму тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны на два месяцы.
Сябры Алеся Яўдахі, які быў затрыманы 21 сакавіка і знаходзіцца ў СІЗА-1, апублікавалі ўрывак з яго ліста, у якім ён паведамляе, што 20 траўня быў азнаёмлены з паперамі аб падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай да 27 ліпеня.
Паводле інфармацыі, апублікаванай ПЦ “Вясна”, на сённяшні дзень толькі адзін з 16-ці фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, якія ўтрымліваюцца пад вартай, актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі Сяргей Кунцэвіч, не праходзіць па другой гучнай справе – узбуджанай па артыкуле 287 КК (Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання.
Праваабаронцы занепакоеныя абыходжаннем з затрыманымі
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з пытаннем пра ўмовы ўтрымання фігурантаў спраў.
“Улічваючы, што інфармацыя пра расследванне дадзенай крымінальнай справы неаднаразова рабілася прадметам публікацый і інфармацыйных сюжэтаў у шэрагу дзяржаўных як друкаваных так і электронных СМІ, гэтая справа набыла значны грамадскі рэзананс. Як прадстаўнік праваабрончай супольнасці Беларусі, я вельмі занепакоены з’яўленнем інфармацыі аб магчымым выкарыстанні недазволеных метадаў у дачыненні да абвінавачаных па гэтай справе. Асабліва ўлічваючы той факт, што інфармацыі аб катаваннях у СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, у свой час знайшла сваё пацверджанне”, – заявіў А.Бяляцкі.
Праваабаронца нагадвае, што свабода ад катаванняў мае абсалютны характар і не падлягае абмежаваннням ні пры якіх умовах. Ужыванне катаванняў забаронена арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэрагам міжнародных актаў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь – Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 7) і Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчлавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ААН.
Лічу, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб магчымых парушэннях правоў асобаў, што з’яўляюцца абвінавачанымі па дадзенай крымінальнай справе і ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і МУС. Супрацоўнікамі міліцыі, прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў да затрыманых маглі быць незаконна выкарыстаныя спецыяльныя сродкі і фізычная сіла. Так, адзін з затрыманых па справе Міраслаў Лазоўскі, як вынікае з сюжэту, паказаным па нацыянальным тэлебачанні, падчас затрымання быў збіты, на твары былі сляды крыві і пабояў. Між тым законнасць і неабходнасць прымянення да яго фізычнай сілы супрацоўнікамі міліцыі павінны строга адпавядаць патрабаванням дзеючага заканадаўства, не мець характар здзекаў і катаванняў.
У сваім звароце праваабаронца падкрэслівае, што адной з асноўных задач органаў пракуратуры ў нашай краіне з’яўляецца забеспячэнне верхавенства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Алесь Бяляцкі просіць Генеральнага пракурора:
правесці пракурорскую праверку ўказаных у СМІ і ў дадзенай заяве звестак;
пры ўстанаўленні фактаў выкарыстання катаванняў і іншых забароненых відаў жортскага, бесчалавечнага абыходжання прыняць неакладныя захады па аднаўленню парушаных правоў грамадзян, устанавіць і прыцягнуць да вызначанай законам адказнасці вінаватых;
прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на недапушчальнасць падобных фактаў у будучым.
Артыкулы па тэме