12 жніўня ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – “ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры”, кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнту FIDH Алесю Бяляцкаму было афіцыйна прад’яўлена абвінавачанне. У якасці меры стрымання ў дачыненні да Бяляцкага было абранае ўтрыманне пад вартай на працягу 2 месяцаў.
Выстаўленне афіцыйнага абвінавачання праваабаронца Уладзімір Лабковіч назваў палітычна матываваным рашэннем і пераследам за грамадскую дзейнасць.
“Гэта выключна сфабрыкаваная справа. Безумоўна, тыя рахункі, якія мае следства, гэта не даходы. І гэта абсалютна відавочна. Гэта пераслед за грамадскую дзейнасць і спроба далей ствараць страх. А з таго, што ў гэта былі ўмешаныя краіны Еўразвязу, можна выказваць толькі шкадаванне. Выказваючы падтрымку грамадзянскай супольнасьці яны не забяспечылі бяспеку інфармацыі, што кладзе на іх маральную адказнасць за сітуацыю, якая склалася вакол Алеся Бяляцкага і іншых праваабаронцаў,” – заявіў Лабковіч (на фота).
Паводле старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака (на фота), затрыманне і абвінавачанне Бяляцкага ва ўтойванні прыбыткаў гэта “чарговы скандал і бар’ер паміж афіцыйным Мінскам і ўсім светам”.
“Гэта не справа падаткаў, гэта справа палітычная. Эфект, які ўлада разлічвае атрымаць, нашмат меншы, чым тыя адмоўныя наступствы на міжнародным узроўні і ўнутры краіны”.
Каментуючы выдачу рахункаў праваабаронцаў Літвой і Польшчай, Алег Гулак адзначыў, што еўрапейская супольнасць павінна дзейнічаць адэкватна і сур’ёзна.
“Беларускія ўлады намнога больш паслядоўныя і, на жаль, эфектыўныя, чым еўрапейцы – у дасягненні сваіх мэтаў, няхай кароткатэрміновых”.
За Бяляцкага сабралі ўжо каля 400 паручальніцтваў
Па дадзеных на 15 жніўня, было сабрана каля 400 паручальніцтваў у падтрымку вызвалення старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.
У падтрымку Алеся Бяляцкага падпісаліся жыхары Мінска, Барысава, Магілёва, Баранавічаў, Жодзіна, Маладэчна, Гародні і іншых беларускіх гарадоў. Збор паручальніцтваў працягваецца, і праваабаронцы ставяць перад сабой задачу сабраць не меньш за тысячу паручальніцтваў па ўсёй Беларусі.
Паручальніцтвы будуць збірацца ва ўсім свеце, і беларускія праваабаронцы перакананыя, што многія сусветна вядомыя асобы падпішуцца пад гэтай заявай, як гэта зрабіла лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру 2003 году, вядомая іранская праваабаронца Шырын Эбадзі.
***
Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня каля плошчы Перамогі ў Мінску і дастаўлены ў офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна» для правядзення вобшуку. У яго кватэры ў Мінску і на лецішчы пад Мінскам таксама былі праведзеныя ператрусы.
Паводле Дэпартамэнту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, Алесь Бяляцкі мусіць сплаціць каля 150 мільёнаў рублёў, або 29 тысяч даляраў паводле курсу Нацбанку, з грошай, якія паступалі на ягоны рахунак у літоўскім банку. Калегі Бяляцкага кажуць, што гэтыя сродкі ішлі на дапамогу пацярпелым ад беларускага рэжыму — з 2003 году “Вясну” пазбавілі рэгістрацыі, і праваабаронцы мусілі шукаць розныя шляхі, каб працягваць сваю дзейнасць.
Артыкул 243,2 беларускага Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Артыкулы па тэме
Праваабаронцы заклікаюць паручыцца за Бяляцкага
Да арышту Бяляцкага датычны літоўскі бок
Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі арыштаваны ў Мінску