У сваім троххвілінным выступе Алесь Бяляцкі змог раскрыць важнасць дзейнасці праваабаронцаў і праблемы пераследу праваабаронцаў і сацыяльных актывістаў у Беларусі і свеце. А таксама звярнуў увагу на неабходнасць прымянення мераў для іх абароны на міжнародным узроўні. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Бяляцкі зазначыў, што ў шматлікіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, праваабаронцам не даюць дзейнічаць. «Наш голас заглушаны і не чутны, — падкрэсліў ён.

«Праваабаронцы сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі ў сваёй дзейнасці: пагрозы, напады, жорсткае абыходжанне, забойствы, гвалтоўныя знікненні, незаконнае сачэнне, адвольныя затрыманні, — заявіў Бяляцкі. — Супраць іх скіраваныя законы, якія вызначаюць іх легітымную дзейнасць як антыдзяржаўную і навешваюць на іх зневажальны хлуслівы ярлык замежных агентаў, як гэта робіцца ў Расіі. Ім перакрываюць доступ да фінансавання ці крыміналізуюць легітымную дзейнасць».

Паводле слоў Бяляцкага, нягледзячы на міжнародныя стандарты, прастора для дзейнасці грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у свеце «знаходзіцца пад пагрозай ці скарачаецца», а «рэпрэсіўныя рэжымы кідаюць за краты мірных актывістаў па розных сфабрыкаваных абвінавачаннях».

Бяляцкі нагадаў, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў яго змяшчэнне пад варту прамым вынікам парушэння яго права на свабоду аб’яднанняў. «Маніпуляцыі з унутраным заканадаўствам краін супраць праваабаронцаў не могуць утаіць ад міжнароднай грамадскасці грубыя парушэнні правоў чалавека», — падкрэсліў Бяляцкі.

Паводле яго слоў, «нападкі на грамадзянскую супольнасць ідуць разам з нападкамі на ўніверсальны характар правоў чалавека пад прыкрыццём захавання традыцый, рэлігіі ці каштоўнасці». «Падтрымліваючы правы на развіццё ўнікальных чалавечых культур, мы выступаем супраць выкарыстання гэтых паняццяў для рэпрэсій, падрыву міжнародных стандартаў і асноўных свабод», — сказаў праваабаронца.

Бяляцкі падкрэсліў: у краінах, дзе праследуюцца правы і свабоды, заявы і рашэнні ААН, якія датычацца правоў чалавека, з’яўляюцца важным палітычным стымулам, які падтрымлівае грамадзян. «Краінавыя мандаты даказалі сваю аб’ектыўнасць і карыснасць у сітуацыі сістэматычных парушэнняў правоў чалавека. Трыбуну і працу краінавых дакладчыкаў ААН неабходна абараняць і заахвочваць», — рэзюмаваў беларускі праваабаронца.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі правёў больш за тысячу дзён у папраўчай калоніі і вызваліўся ў чэрвені 2014 года. Яго судзілі за ўтойванне даходаў, але праваабарончыя арганізацыі перакананыя, што прычынай крымінальнага пераследу стала грамадская дзейнасць Бяляцкага, у сувязі з чым ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

 

Артыкулы па тэме

Праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў міліцыю з нагоды пагроз яго дзецям

Апублікаваны аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека за кастрычнік-снежань 2014 года

Праваабаронцы сустрэліся са спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі