2 ліпеня былы палітвязень, кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» сустрэўся ў Страсбургу з Марцінам Шульцам, які быў пераабраны на пасаду прэзідэнта Еўрапейскага парламенту, з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле, Генеральным сакратаром Савета Еўропы Турб’ёрнам Ягландам і старшынёй Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Ан Брасэр.

“Ёсць прынцыповыя патрабаванні Савета Еўропы, яны важныя і для нас. Яны тычацца скасавання смяротнага пакарання ці мараторыя на яго. Таксама размова ідзе пра вызваленне палітвязняў і правядзенне сумленных выбараў. На гэтыя патрабаванні, на мой погляд, улады Беларусі сёння пайсці не могуць. Але, размаўляючы з уладамі Беларусі, трэба разумець, што мяне вызвалілі не проста так. Значыць, ёсць нейкая зацікаўленасць уладаў Беларусі, каб палепшыць свае стасункі з ЕС. Гэта звязана ў тым ліку і з геапалітычным становішчам у нашым рэгіёне. Эканамічны саюз, які Беларусь заключыла з Расіяй і Казахстанам, занадта наблізіў Беларусь да Расіі і прэзідэнт Лукашэнка хоча мець прастору для манеўру. Тым больш, што падзеі ва Украіне насцярожылі ўлады Беларусі адносна іх усходняга суседа. І гэтае жаданне, ці неабходнасць, паляпшэння стасункаў з ЕС, неабходнасць «вырасціць другое крыло», прымушае прэзідэнта Лукашэнку ісці на нейкія саступкі,” – адзначыў Алесь Бяляцкі.

У Парыжы Алесь Бяляцкі быў прыняты ў мэрыі і МЗС Францыі

На доўгачаканую сустрэчу сабраліся супрацоўнікі офіса FIDH, сябры праўлення, маладыя актывісты, перакладчыкі арганізацыі, усе тыя, хто прымалі актыўны ўдзел у лёсе нядаўняга палітвязня. 5 ліпеня Алесь Бяляцкі атрымаў у мэрыі Парыжа дыплом ганаровага грамадзяніна горада. Званне ганаровага грамадзяніна мэр Парыжа Бертран Дэланоэ прысвоіў Алесю Бяляцкаму ў кастрычніку 2012 года і, перад сваім сыходам з пасады мэра горада, уручыў яго сыну беларускага праваабаронцы Адаму Бяляцкаму ў снежні 2013 года.

На цырымоніі ўручэння саветнік мэра Парыжа па міжнародных адносінах Патрык Клюгман адзначыў ролю Бяляцкага і як кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў Беларусі і як віцэ-прэзідэнта FIDH. Ён нагадаў, што папярэдні мэр Парыжа Бертран Деланоэ напісаў ліст палітвязню ў калонію, а мэр 11-й акругі, па рашэнні Савета горада Парыжа, усталяваў партрэт Праваабаронцы перад мэрыяй 11-й акругі, у якой знаходзіцца парыжскі офіс FIDH.

Алесь Бяляцкі падзякаваў мэрыі Парыжа, адзначыўшы, што аказаная падтрымка не толькі сагравала яго, але і аказвала ўражанне на адміністрацыю яго калоніі, служачы яму збольшага ахоўнай граматай. Таксама нагадаў, што першым беларусам, якія атрымаў званне Ганаровага грамадзяніна горада Парыжа, быў жыхар Гомеля Васіль Сярогін, які змагаўся разам з французскімі лётчыкамі ў дывізіі “Нармандыя-Нёман” на савецка-германскім фронце ў 1943-1945 гадах.

Пасля цырымоніі ў мэрыі Бяляцкі быў прыняты паслом па правах чалавека МЗС Францыі спадарыняй Патрыцыянай Спарачына-Цілей і прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў. На гэтай сустрэчы праваабаронца адзначыў, што ў Беларусі працягваюць заставацца ў зняволенні сем палітычных вязняў і заклікаў французскі МЗС да далейшых намаганняў па іх хутчэйшым вызваленні. 

Documents: