Як паведамляе Радыё “Свабода”, большасць затрыманняў было праведзена
яшчэ нават не падчас акцыі, а яшчэ перад яе пачаткам. Колькасць
затрыманых перавышае 20 чалавек. Дарэчы, сама форма затрыманняў, калі
спецназаўцы “літаральна цягнулі затрыманых па зямлі” да аўтобуса, ужо сама па сабе
парушае іх правы.
Пазней 17 з затрыманых былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай
адказнасці. У прыватнасці аднаму з іх – актывісту Еўрапейскай Беларусі
Максіму Сергійцу суд Цэнтральнага раёна г. Менска прысудзіў пакаранне
штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
З прычыны гвалтоўнасці і жорсткасці правядзення затрыманняў маладзёвыя
актывісты Максім Сергіец і Аляксей Сянчыла, што былі затрыманыя ў
сувязі з акцыяй “Не – расейскай акупацыі”, накіравалі ў пракуратуру
скаргі з апісаннем дзеянняў прадстаўнікоў праваахоўных органаў і
патрабаваннем здзейсніць праверку і віноўных прыцягнуць да адказнасці.
Нагадаем, што акцыя “Не – расейскай акупацыі” была арганізаваная
прадстаўнікамі дэмакратычнага руху ў сувязі з прыбыццем у Беларусь
расейскіх войскаў для ўдзелу ў вучэннях “Захад-2009”, мэтай якіх
вызначаецца падрыхтоўка рэгіянальнай групоўкі беларуска-расейскіх
сілаў для захавання бяспекі так званай саюзнай дзяржавы.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” інфармуе, што расцэньвае дзеянні
беларускіх уладаў у дачыненні да ўдзельнікаў вышэй згаданай акцыі як
“чарговы факт парушэння правоў чалавека”
і ў сувязі з гэтым выказвае
рашучы пратэст. Сябры ПЦ “Вясна” заклікаюць беларускія ўлады “на
справе прадэманстраваць скіраванасць на дэмакратызацыю ў краіне, на
практыцы забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў
галіне правоў чалавека”.