25 сакавіка ў Вільні прайшло традыцыйнае святкаванне Дня Волі. У гэты дзень у Сойме Літоўскай Рэспублікі была арганізаваная дыскусія  «Дзень Волі ў Беларусі. Цяперашняя сітуацыя, чаканне перспектывы», у якой узялі ўдзел беларускія і літоўскія палітыкі, праваабаронцы і грамадскія дзеячы, сваякі палітвязняў. У межах дыскусіі віцэ-спікер Сойма Літвы Пятрас Аўштравічус павіншаваў беларусаў з Днём Волі і выказаў надзею на пазітыўныя змены ў Беларусі, а таксама прадставіў ініцыятыву прызначыць сярод літоўскіх парламентарыеў “апекуноў”  для кожнага з беларускіх палітзняволеных. “Як суседзі , літоўцы павінны клапаціцца пра будучыню беларускага народа”, – сказаў Пятрас Аўштравічус . Ён таксама зазначыў, што палітыкі будуць працаваць над тым, каб такую ініцыятыву падтрымалі і іншыя парламентарыі:  “Мы звернемся да ўсіх парламентаў ЕЗ з просьбай далучыцца да нашай ініцыятывы, каб гэтая акцыя палітычнай апекі распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе».

Ідэя гэтай ініцыятывы заключаная ў тым, каб заахвоціць  літоўскіх дэпутатаў займацца пытаннем  асабіста, стаўшы шэфамі  для  10 палітычных зняволеных у Беларусі : Ігара Аліневіча, Мікалая Аўтуховіча, Алеся Бяляцкага, Мікалая Дзядка, Андрэя Гайдукова, Эдуарда Лобава, Васіля Парфянкова, Арцема Пракапенкі, Мікалая Статкевіча, Яўгена Васьковіча. Літоўскія парламентарыі могуць звярнуцца да беларускіх уладаў, напісаць кіраўнікам месцаў утрымання вязняў з просьбай  прадаставіць інфармацыю аб стане здароўя канкрэтнага палітвязня. У гэтай кампаніі ўдзельнічаюць літоўскія парламентарыі , якія прадстаўляюць кіруючыя і апазіцыйныя палітычныя партыі і гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за канкрэтных палітычных зняволеных у Беларусі , сустракацца з іх сваякамі , і публічна  выказваацца як на літоўскіх,так  і на міжнародных пляцоўках па пытаннях парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

На дыскусіі прысутнічалі некаторыя блізкія сваякі палітзняволеных: жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч (на фота), маці Эдуарда Лобава Марына Лобава, маці Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч і бацька Мікалая Дзядзка Аляксандр Дзядок. Яны падзякавалі палітыкам за такую ініцыятыву, заклікалі не забываць пра праблемы палітзняволеных і на знак удзячнасці  падаравалі кожнаму з шэфаў майку з фотаздымкамі палітвязняў.

Перад дыскусіяй сваякі палітзняволеных  разам з беларусамі Вільні прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак падпісантам Акта Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года на віленскіх могілках Росы.

Documents: