“Рух наперад” больш не варухнецца
Гэта быў ўжо не першы працэс з удзелам установы "Рух наперад", у межах якой дзейнічае грамадзкая кампанія "Гавары праўду". Гэтым разам актывісты спрабавалі аспрэчыць былое рашэнне Мінскага гаспадарчага суда, які прызнаў несапраўднай іх дамову аб арэндзе з іншай кампаніяй, і на гэтай падставе пазбавіў "Рух наперад" дзяржаўнай рэгістрацыі.
Рашэнне ж аб ліквідацыі "Руху наперад", які праводзіць грамадзянскую кампанію "Гавары праўду!", прыняў 12 кастрычніка суддзя Андрэй Рыбалкін. Актывісты кампаніі спадзяваліся, што ў іх атрымаецца аспрэчыць прынятае раней рашэнне аб ліквідацыі, тым больш, што афіцыйная прычына выглядае хутчэй надуманай, чым рэальнай.
На думку праваабаронцы і юрыста Раісы Міхайлоўскай такое рашэнне наогул супярэчыць гаспадарчаму праву Беларусі. "У беларускіх законах адсутнічаюць нормы, якія рэгулююць парадак атрымання юрыдычнага адрасу. Таму ў практыцы дзейнасці юрыдычных асобаў не так важна, якое прызначэнне мае плошча. Галоўнае, каб яна была".
Паводле Раісы Міхайлоўскай, закон не абавязвае пэўную навучальную арганізацыю рэгістравацца, скажам, толькі на офіснай плошчы, гэтаксама як гандлёвую фірму — толькі на гандлёвай. Між тым, што да ўстановы "Гавары праўду", да яе чамусьці выставілі менавіта такую прэтэнзію, што супярэчыць закону, – заўважае юрыст.
Падводныя камяні
Лідэр кампаніі "Гавары праўду" кандыдат на пасаду прэзідэнта Уладзімер Някляеў (на фота) прызнае, што шматлікія судовыя працэсы забіраюць у яго шмат часу і сілаў. "Магчыма, гэта і ёсць іх асноўная мэта", – кажа верагодны кандыдат у прэзідэнты пра гарадскія ўлады. Паводле Някляева, аднак, нават закрыццё гэтай установы не будзе азначаць закрыццё кампаніі, бо ў беларускім грамадзтве павінна гучаць праўда пра ўладу.
Відавочна, як раз гэта і застаўляе беларускія ўлады прымаць радыкальныя меры ў дачыненні да грамадскіх арганізацый: любое вальнадумства, а таксама сам факт аб’яднання людзей і іх грамадская актыўнасць пужаюць беларускі рэжым. Тым больш напярэдадні галоўнай палітычнай падзеі – выбараў прэзідэнта краіны. У кантэксце ілюзорнай “адлігі” і лібералізацыі, пад сцягам якіх зараз праходзіць перадвыбарная кампанія ў краіне, сутнасць і характар аўтарытарнай улады не змяніўся: аб’яднанні і арганізацыі на Беларусі па-ранейшаму застаюцца недасяжнай раскошай.
Абскарджваць рашэнне суда можна цягам месяца. Аднак Някляеў мяркуе, што шмат часу "Руху наперад" не дадуць. Па яго словах, "Рух наперад" знарок ліквідавалі 10 лістапада, ведаючы, што назаўтра Някляеў ідзе ў Цэнтравыбаркам падаваць дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты. Сярод іншых звестак прэтэндэнт павінен пазначыць сваё месца працы. У гэтым кантэксце ліквідацыя кампаніі “Рух наперад” – яшчэ адна перашкода кандыдату.
"Па гэтай фармальнай прычыне, па гэтай судовай прычыне яны чытаюць маю анкету, кажуць, што я ўказаў не тое месца працы, а дакладней – падмануў іх… І гэтага дастаткова, каб зняць мяне з патэнцыйных кандыдатаў", – мяркуе У. Някляеў.
Таму рашэнне, прынятае ў дачыненні да кампаніі, можна назваць палітычна матываваным. Улады па-ранейшаму дзейнічаюць па прынцыпу “што можна мне, нельга табе”. І ніякая свабода аб’яднанняў, гарантаваная Канстытуцыяй, не можа гэтаму перашкодзіць. Ліквідацыя грамадскай кампаніі – толькі інстумент для большага ціску і запалохвання, у дадзеным выпадку – прэтэндэнта на пасаду кіраўніка краіны і ўсёй яго каманды.
Што далей?
Нягледзячы на адмоўны вынік, як актывісты кампаніі, так і яе лідар не губляюць аптымізму і гатовыя да рашучых дзеянняў. "Зварочваць кампанію "Гавары праўду" мы не збіраемся. Нават у тым выпадку, калі я буду прэзідэнтам, такі грамадскі рух будзе існаваць. Неабходна, каб людзі адчувалі, што праўда – гэта не абстрактная катэгорыя, і што яе можна дабіцца. У судзе, у чынавенства. Каб людзі ведалі, што яна ёсць – штодзённая праўда жыцця."
Што да выніку разгляду скаргі, Уладзімер Някляеў кажа, што па сутнасці, праблема ўжо вырашана, і калі закрыюць адну арганізацыю, замест яе будзе іншая арганізацыя, у межах якой кампанія "Гавары праўду" будзе існаваць і дзейнічаць надалей.
Як і калі з’явіцца новая арганізацыя, невядома. Зразумела, што зарэгістраваць яе будзе няпроста, асабліва да выбараў. Ці зменіцца сітуацыя потым, можна будзе даведацца толькі пасля 19 снежня.
Паводле матэрыялаў "Вясна", "Наша ніва" і БелаПан