Прадстаўнікі БХД імкнуліся адмяніць рашэнне Мін’юсту , які адмовіў у рэгістрацыі апазіцыйнай партыі, праз суд. Падчас разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе хрысціянскія дэмакраты даказвалі беспадстаўнасць адмовы ў рэгістрацыі. Акрамя таго, суддзёй Валерыем Самалюком былі заслуханыя паказанні сведкаў, што падпісалі дакументы на рэгістрацыю БХД. Яны распавядалі пра пагрозы, учыненыя ў дачыненні да іх з боку адміністрацыі і супрацоўнікаў КДБ. Некаторыя з іх з-за адмовы адклікаць свой подпіс былі звольненыя з працы.
Сваё рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі БХД прадстаўнікі Мін’юсту тлумачылі тым, што спіс заснавальнікаў і пратакол устаноўчага з’езду партыі ўтрымліваюць несапраўдныя звесткі , а таксама тым, што заснавальнікі БХД заплацілі дзяржаўную пошліну за рэгістрацыю на няправільны разліковы рахунак.
Сустаршыня аргкамітэту БХД Аляксей Шэін у судзе прапанаваў выправіць выяўленыя недакладнасці і партыю ўсё ж такі зарэгістраваць. Чыноўнік Мін’юсту Яўген Какуша дадзеную прапанову не падтрымаў, адзначыўшы, што рашэнне Мін’юсту аб адмене ў рэгістрацыі БХД не зменіцца.
Нагадаем, што ўстаноўчы з’езд БХД адбыўся 28 лютага бягучага года ў Менску. Мін’юст адмовіў заснавальнікам БХД ў рэгістрацыі, у сувязі з чым 10 чэрвеня яны звярнуліся са скаргай у Вярхоўны суд.
Яшчэ да вынясення Вярхоўным судом рашэння адзін з заснавальнікаў БХД Павел Севярынец выказаў сумневы наконт таго, што суд падтрымае апазіцыйную партыю:
“Верагоднасць таго, што суд адменіць рашэнне Мін’юсту, даволі нізкая. <…> Залежыць яна не ад юрыдычных акалічнасцяў, а ад палітычнага рашэння. Таму што рашэнні ў нас прымаюцца не ў адпаведнасці з законам, а паводле сённяшняга геапалітычнага раскладу”.
Рашэнне Вярхоўнага суду па гэтай справе, якім скарга ўдзельнікаў БХД была адхіленая, а адмова Мін’юсту ў рэгістрацыі партыі прызнаная законнай, было абвешчаная 22 ліпеня.
Сустаршыня аргкамітэту БХД Аляксей Шэін пракаментаваў вынесенае рашэнне Вярхоўнага суду наступным чынам:
“Усе рашэнні, якія прымае беларуская ўлада адносна рэгістрацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, — яны заканамерныя, але незаконныя. Відавочна, што сённяшні беларускі рэжым не хоча ісці на сур’ёзныя і сістэмныя змены. Тое, што рашэнне палітызаванае, пацвярджае тая хваля ціску, якую перажылі нашыя сябры падчас рэгістрацыйных мерапрыемстваў”. Ён таксама адзначыў: “Мы далі магчымасць Міністэрству юстыцыі і беларускай уладзе прадэманстраваць добрую волю <…>. На жаль, гэтага не адбылося”.
Як паведамляе Радыё “Свабода”, заснавальнікі БХД наважаныя зрабіць яшчэ адну спробу зарэгістраваць партыю і падаць дакументы на рэгістрацыю з улікам прэтэнзіяў, выказаных Мін’юстам. Сустаршыня аргкамітэту партыі Павел Севярынец сцвярджае:
“Нягледзячы на адмоўнае рашэнне суду, мы будзем дамагацца рэгістрацыі. Гэта не ёсць мэта. Гэта толькі спосаб дзейнічаць больш легальна…”.