Рэгістрацыя альбо нерэгістрацыя праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна” для многіх экспертаў з’яўляецца знакавай. Ці гатовыя ўлады на рэальныя зрухі, ці спыняцца на “касметычных”, бяспечных для сябе саступках патрабаванням міжнароднай супольнасці?
У складзе заснавальнікаў “Нашай Вясны” – актывісты Праваабарончага цэнтру “Вясна”, адной з найбольш уплывовых грамадскіх арганізацый, ліквідаванай уладамі яшчэ ў 2003 годзе.
“Новая спроба, у сённяшнім кантэксце, калі лібералізацыі працы няўрадавых арганізацый у Беларусі патрабуе фактычна ўвесь цывілізаваны свет, у тым ліку і апошняя рэзалюцыя Парламенту Еўразвязу, дзе канкрэтна стаіць пытанне аб рэгістрацыі аб’яднання “Наша Вясна”, мае важнае значэнне, – адзначае заснавальнік арганізацыі Алесь Бяляцкі. – У гэтай сітуацыі, безумоўна, мы патрабуем ад беларускіх уладаў выправіць палітычныя памылкі, зробленыя імі ў дачыненні да нас і фактычна аднавіць рэгістрацыю ПЦ “Вясна” вось пад такой крыху змененай назвай, якую мы прапануем сёння”.
Тым часам, Міністэрства юстыцыі рассылае лісты заснавальнікам “Нашай Вясны” з пытаннямі адносна месца і даты правядзення ўстаноўчага сходу арганізацыі, колькасці ўдзельнікаў, сапраўднасці подпісаў і інш. Берасцейскі праваабаронца Уладзімер Малей атрымаў гэткі ліст, адрасаваны яму, але дасланы на несапраўдны адрас. “Толькі дзякуючы таму, што супрацоўнікі паштовага аддзялення ведаюць мяне асабіста, карэспандэнцыя не згубілася. У іншым выпадку, у Міністэрства юстыцыі была б падстава спыніць хаду рэгістрацыі”, – паведаміў Малей у інтэрв’ю для Радыё “Свабода”. Праваабаронцы перакананыя: сэнс гэтых лістоў у тым, каб знайсці фармальныя зачэпкі, на падставе якіх можна будзе адмовіць аб’яднанню ў рэгістрацыі. Балазе ў Мінюсце дакументы для рэгістрацыі “Нашай Вясны” даручана рыхтаваць Аляксандру Харытону, датычнаму да масавай ліквідацыі ў краіне грамадскіх арганізацый і ўнесенаму за гэта ў спіс персон “non grata” на тэрыторыі ЕЗ. Адначасова пры перасячэнні беларускай мяжы аднавіўся асабісты дагляд праваабаронцаў-заснавальнікаў “Нашай Вясны”.
***
Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў ліквідаваны беларускімі ўладамі ў кастрычніку 2003 года. За гэты час актывісты “Вясны” неаднаразова звярталіся ў Міністэрства юстыцыі са спробамі аднавіць арганізацыю, аднак безвынікова. Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў у ліквідацыі Цэнтру “Вясна” парушэнне беларускімі ўладамі Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак рашэнне Камітэту аб перарэгістрацыі і кампенсацыі за несправядлівае закрыццё праваабарончай арганізацыі беларускімі ўладамі было праігнараванае. Пытанне рэгістрацыі “вясноўцаў” закранутае і ў апошняй рэзалюцыі Еўрапарламенту па Беларусі як адзін з паказчыкаў зменаў сітуацыі ў краіне.
18 студзеня 2009 года каля 70 чалавек з усёй Беларусі правялі ў Менску ўстаноўчы сход і падалі дакументы на рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна” ў Міністэрства юстыцыі.