Сесіі, тэсты, адзнакі, праца над памылкамі – усё гэта тут звычайныя словы, адно што прагульваць урокі ніхто не зацікаўлены.

Беларускія юрысты разумеюць, што авалодванне новымі ведамі – у іх жа інтарэсах, невыпадкова ж яны з уласнай волі імкнуліся трапіць на гэтую праграму. Нават нягледзячы на тое, што за ўдзел у ёй на радзіме могуць пагражаць сур’ёзныя непрыемнасці: тамтэйшыя ўлады не надта мілуюць правы чалавека.

“У мяне было ўсведамленне неабходнасці такога праекту і такіх ведаў, – кажа ўдзельніца праекту, адвакатка з Менску, якая папрасіла не называць яе імя, – бо ў нас рэальны недахоп ведаў па міжнародным праве”.

Яна таксама зазначыла, што шмат кім з удзельнікаў рухала цікаўнасць або жаданне зведаць нешта новае, што можа прыдацца ў прафесійным жыцці.

Змяненне мыслення
Праграма, накіраваная на набыццё ўдзельнікамі навыкаў па выкарыстанні міжнародных праваабарончых інструментаў для абароны сваіх кліентаў у Беларусі, складаецца з 7 сесій. Першая з іх адбылася раней у Чарнігаве (Украіна), цяперашняя вось – у Вільні.

Аднак асноўную частку працы ўдзельнікі робяць ухаце – чытаючы прапанаваныя матэрыялы, выконваючы хатнія заданні.

"Пераважная большасць удзельнікаў курса – прафесійныя юрысты, адвакаты. Таму з імі працаваць лягчэй, чым з пачаткоўцамі – ім нятрэба тлумачыць асноў юрыспрудэнцыі.

“З іншага боку, працаваць з імі цяжэй, бо яны больш засмечаныя досведам працы ў беларускай сістэме, прызвычаеныя дзейнічаць цалкам толькі ў рэчышчы нацыянальнага права”, – гаворыць былы прэзідэнт Дома правоў чалавека і адзін з трэнераў курса Барыс Звозскаў.

Ён падкрэсліў, што на змяненне звыклага мыслення адвакатаў і накіраваны курс.

Як падаць скаргу ў канстытуцыйны суд?
Асноўны акцэнт жнівеньскай сесіі ў Вільні – канстытуцыйныя механізмы абароны правоў і свабода слова з пункту гледжання практыкі Еўрапейскага суду па правах чалавека.

Разглядалася і сітуацыя са свабодай выражэння ў Беларусі – de facto і de jure.

Экспертнымі ведамі падзяліліся выбітныя юрысты з Беларусі – былы намеснік старшыні канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў і намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, эксперт Цэнтру прававой абароны СМІ Андрэй Бастунец.

Удзельнікі разгледзелі пытанні канстытуцыйнага правасуддзя і наяўныя ў краіне механізмы зваротаў у канстытуцыйны суд, ды атрымалі адпаведнае хатняе заданне: распрацаваць скаргу па адным з пададзеных прыкладаў.

Міжнародныя стандарты ў галіне свабоды выражэння і абмежаванні гэтай свабоды ўдзельнікам курса прэзентаваў выбітны літоўскі праваабаронца, дырэктар літоўскага Інстытуту маніторынгу правоў чалавека Генрыкас Міцкявічус (Henrikas Mickevičius).

Скандынаўскія пажаданні
Да ўдзельнікаў звярнуўся і першы намеснік амбасадара Нарвегіі ў Літве Тэр’е Аалія (Terje Aalia).

Нарвегія з’яўляецца асноўным донарам Дома правоў чалавека ў Вільні і Сеткі дамоў правоў чалавека, таксама асноўным донарам праграмы.

Паводле прадстаўніка амбасады, Міністэрства замежных спраў Нарвегіі цэніць магчымасць спрычыніцца да падтрымкі правоў чалавека ў такой праблематычнай краіне, як Беларусь.

«Хачу падкрэсліць, што вы, як праваабаронцы, граеце вельмі істотную ролю ў грамадстве», – сказаў ён, выступаючы перад наведнікамі курса.

Т. Аалія заклікаў удзельнікаў па вяртанні дадому дзяліцца набытымі ведамі «з калегамі, з грамадствам у цэлым, а таксама з новым пакаленнем праваабаронцаў».

«Цяпер вы таксама можаце выступаць у якасці трэнераў і ўзялі на сябе пэўную адказнасць за распаўсюд набытых ведаў у сваёй краіне», – сказаў нарвежскі дыпламат удзельнікам праграмы.

Першы раз у Еўразвяз
Удзельнікі выказалі спадзяванне, што патрачаныя на навучанне высілкі не прападуць дарма, нягледзячы на тое, што ў Беларусі сапраўды існуюць вялікія цяжкасці з прымяненнем міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека і са спасылкай на іх у судовых рашэннях.

«У нас некаторыя сцвярджаюць, што нават наша канстытуцыя мае дэкларатыўны характар і спасылацца на яе не мае сэнсу – што ўжо тады казаць пра міжнародныя дамовы,» – казала ўсё тая ж адвакатка з Менску.

Акрамя наўпроставай карысці, якую нясе набыццё новых ведаў і навыкаў, гэты курс для некаторых з беларускіх адвакатаў – першая нагода наведаць краіну Еўразвязу.

***

Семінар 28-30 жніўня ў Вільні – першая сесія цяперашняга набору навучальнага праекту «Выкананне міжнародных стандартаў у нацыянальнай судовай практыцы“ (Bring International Standards Home), якая праходзіць на базе беларускага Дома правоў чалавека.

Усяго цягам курса павінна адбыцца сем такіх сесій.

У рамках праекту, які ў сваю чаргу з’яўляецца часткай шырэйшай праграмы «Прымяненне міжнароднага права ў праваабарончай дзейнасці» (International Law in Advocacy), гэта ўжо трэці набор адвакатаў і праваабаронцаў.

Удзельнікі першых двух набораў актыўна карыстаюцца новымі сродкамі ў судовых працэсах і практыцы аховы асабістых правоў унутры краіны ды на міжнародным узроўні.

Некаторыя былыя ўдзельнікі праекту цяпер зноў уліліся ў навучальны працэс – у гэты раз ужо ў якасці экспертаў.