Дакументальная стужка на кантрастных прыкладах распавядае пра візавы бар’ер, які існуе паміж Беларуссю і Літвой, адбіваючыся на лёсах галоўных дзеючых асобаў – жыхароў памежжа. Іх гісторыі, хоць і адрозніваюцца адна ад адной, аб’яднаны агульнай рысай: людзям даводзіцца пераадольваць вялікія перашкоды, рэалізуючы сваё права на свабоду перамяшчэння праз мяжу, якой нядаўна яшчэ не існавала. Ва ўступным слове прадстаўнікі JuBIC і дырэктарка Дома правоў чалавека ў Вільні падкрэслілі, што акрамя парушэнняў сваіх правоў унутры Беларусі, беларусы, на жаль, яшчэ і сутыкаюцца з праблемай абмежавання права на свабоду руху па-за межы краіны.
Адметнасць стужкі, аднак, у тым, што наратывы вяскоўцаў з памежнай зоны, былой студэнткі ЕГУ пераплятаюцца з каментарамі афіцыйных асоб. Многія з іх, дарэчы, бралі ўдзел у самой прэзентацыі, а затым дыскусіі, і гэта дае надзею на нейкія зрухі ў станоўчы бок. Тым больш што ў зале акрамя цікаўных прысутнічалі і афіцыйныя асобы: прадстаўнікі амбасады Беларусі і шэрагу краін Еўразвязу – Чэхіі, Польшчы, Нямеччыны, Швецыі, Гішпаніі, таксама МЗС Літвы.
“Пакуль мы не будзем пра гэта размаўляць і ставіць пытанне рубам, сітуацыя будзе толькі пагаршацца і пагаршацца, тым больш, што яна не выгадная ні Беларусі, ні краінам Еўрапейскага Звязу” – кажа Вадзім Вілейта, актывіст арганізацыі JuBIC, адзін са стваральнікаў ідэі. Таксама ён адзначыў, што галоўная аўдыторыя стужкі – еўрапейскія і беларускія функцыянеры, адказныя за прыняцце рашэнняў. Так, паказ фільма таксама плануецца ў амбасадзе Нарвегіі з удзелам пашыранага складу прадстаўнікоў дыпламатычнага сектару.
Згодны з В.Вілейтай і сакратар амбасады Беларусі ў Літве Андрэй Швец. Падкрэсліваючы гістарычнае суседства і непадзельнасць Беларусі і Літвы, ён заклікае да супрацоўніцтва, узаемадзеяння як чыноўнікаў, так і грамадскіх арганізацыяў у абедзвюх краінах.
Дыскусія пасля прагляду пацвердзіла, што праблема памежжа не толькі існуе, яна балюча адбіваецца на лёсах грамадзян Літвы і Беларусі. Але тое, што праблема ўжо агучаная, можа стаць першым крокам на шляху яе вырашэння.