Абмежаванне доступу да фінансавання, у прыватнасці, замежнаму, усё часцей выкарыстоўваецца урадамі, якія імкнуцца прымусіць праваабаронцаў замаўчаць. Гэтая перашкода, закранае ўсё большую колькасць абаронцаў асноўных свабод па ўсім свеце, не толькі парушае агульнапрызнаныя стандарты правоў чалавека, але і фактычна падрывае намаганні, што прымаюцца грамадзянскай супольнасцю па прасоўванні, абароне правоў чалавека і забеспячэнню права на голас і абарону ахвяраў парушэнняў правоў чалавека.

 Гадавая справаздача 2013г. Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, сумеснай праграмы Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека (FIDH), падае поўны агляд парушэнняў правоў НДА ў  доступе да фінансавання пры дапамозе розных абмежаванняў, якія накладаюцца дзяржавамі. У справаздачы прадстаўлены падрабязны аналіз падобных парушэнняў як складовых частках гэтай яшчэ недастаткова вывучанай праблемы, які пацверджаны канкрэтнымі прыкладамі з 35 краін свету.

 Права няўрадавых арганізацый на доступ да фінансавання – неад’емная частка права на свабоду асацыяцый. Доступ да фінансавання і рэсурсаў вельмі важны, без яго паўсядзённая праца НДА рэальна абцяжараная. У некаторых краінах наступствы такіх законаў і практык прыводзяць да разбуральных для дэмакратычнага грамадства наступстваў.

 Так, з практыкі краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, цытуецца Беларускае заканадаўства, якое забараняе НДА мець рахункі ў банку, што знаходзяцца за мяжой, а выкарыстанне так званага «недазволенага» фінансавання падлягае крымінальнаму пераследу. Гэтыя палажэнні былі прынятыя пасля таго, як віцэ-прэзідэнт FIDH з Беларусі і кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Вясна” Алесь Бяляцкі, быў асуджаны на 4,5 гадоў пазбаўлення волі фактычна за тое, што ён працягваў атрымліваць сродкі на фінансаванне праваабарончай дзейнасці ў яго краіне праз рахункі за мяжой.

 «Мы хочам абараніць НДА. Узнікаюць новыя мадэлі рэпрэсій, якія суправаджаюцца глабальнай негатыўнай рэакцыяй, узмацняюцца нападкі на праваабаронцаў, што прадстаўляюцца ў якасці нейкіх агентаў, якія ажыццяўляюць незаконную дзейнасць пад уплывам іх міжнародных сувязяў. Гэта новы аргумент – і ў тым ліку супраць самой ідэі міжнароднай падтрымкі, у тым ліку фінансавай, з мэтай абмежавання дзейнасці НДА. Гэта непрымальна. У гэтай гадавой справаздачы мы хацелі б задаць новыя рамкі для абмеркавання агульнапрызнанай працы ў галіне правоў чалавека», – заявіў Джэральд Стаберок, Генеральны сакратар OMCT.

 «Абмежаванні для атрымання фінансавання часта ўзводзяцца ў кантэксце паралельна узмацняючыхся рэпрэсій, прычым абмежавальныя законы ў спалучэнні з паклёпніцкімі кампаніямі і судовымі пераследамі праваабаронцаў ствараюць адкрыта варожае асяроддзе для іх дзейнасці. Гэтыя бар’еры на шляху фінансавання НДА, збудаваныя аўтарытарнымі дзяржавамі, уяўляюць сабой адну з самых сур’ёзных сістэмных праблем, якія стаяць перад праваабаронцамі сёння», – дадала Суэр Белхасен, Прэзідэнт FIDH.

 Акрамя таго, як падкрэсліў Маіні Кіаі, Спецыяльны дакладчык Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і праве на асацыяцыю, у прадмове да дакладу: «Тэма гэтай штогадовай справаздачы Абсерваторыі вельмі актуальная. У апошні час мы назіраем ўзмацненне стыгматызацыі і неабгрунтаваных абмежаванняў у доступе да фінансавання і рэсурсаў у адносінах да арганізацый грамадзянскай супольнасці з мэтай падаўлення любых формаў крытыкі, асабліва ў дачыненні да тых, хто заклікае да дэмакратычных пераўтварэнняў і прыцягненню да адказнасці за парушэнні правоў чалавека».

 Грунтуючыся на прававой базе, якая тычыцца права на доступ да фінансавання, і якая пачала з’яўляцца ў судовай і юрыдычнай практыцы па гэтым пытанні, даклад закліканы садзейнічаць правядзенню паглыбленага аналізу негатыўных наступстваў гэтых абмежавальных мер і даць рэкамендацыі ўсім удзельнікам – атрымальнікам, спонсарам, урадам і міжурадавым арганізацыям.

Артыкулы па тэме

Фундацыя ДПЧ заклікае вызваліць Алеся Бяляцкага ў ААН

Алеся Бяляцкага падтрымала больш за 100 тысяч чалавек па ўсім свеце

Знакавае рашэнне ААН: Затрыманне Алеся Бяляцкага адвольнае, патрабуецца вызваленне і кампенсацыя