Справаздача міжнароднай камісіі юрыстаў, на аснове якой Беларусь будзе праходзіць працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду (УПА), была прадстаўлена яшчэ ўвосень, рускамоўная ж версія з’явілася ў студзені. Справаздача ўключала 5 шырокіх пунктаў, па якіх Беларусь і будзе адказваць перад Радай ААН: незалежнасць судовай справы і роль юрыстаў; абмежаванне права на свабоду выражэння; перашкаджэнне функцыянаванню свабоды асацыяцый і аб’яднанняў, пераслед праваабаронцаў; дасудовае затрыманне; супрацоўніцтва з механізмамі ААН па правах чалавека. Вырашальнай у ходзе працэдуры стане афіцыйная версія, якую павінны былі падрыхтаваць беларускія ўлады. Але ж сам гэты даклад трымаецца ў сакрэце і яшчэ не быў прадстаўлены грамадству.
Спецыфіка ж працэдуры УПА заключаецца ў тым, што Рада ААН азнаёміцца і з альтэрнатыўнымі крыніцамі інфармацыі па пытанню правоў чалавека ў Беларусі. Так, беларускія праваабаронцы склалі прадставілі свой даклад, які таксама будзе разглядацца ў Жэневе. Паралельна з беларускімі няўрадавымі і праваабарончымі арганізацыямі сваё бачанне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прадставіла і міжнародная праваабарончая супольнасць.
На аснове прадстаўленых дакументаў рабочая група вынесе пэўныя рэкамендацыі па паляпшэнню сітуацыі ў галіне правоў чалавека, абавязковыя для выканання дзяржавай. У іх выкананні і палягае прынцып дзеяння УПА, на які Камітэт па правах чалавека ААН ускладаюць вялікія надзеі. Новы механізм прызваны эфектыўна рэгуліраваць нацыянальныя схемы абароны правоў чалавека кожнай краіны-чальца ААН, адсочваць парушэнні ў гэтай галіне і даваць пэўныя рэкамендацыі.
Асабліва актуальным і карысным працэдура Універсальнага агляду можа стаць для тых краінаў, дзе з правамі чалавека аб’ектыўна існуюць праблемы. Беларусі Камітэт па правах чалавека ААН можа прыгадаць і апошнія выбары ў мясцовыя саветы, праведзеныя з маштабнымі фальсіфікацыямі, і нядаўняе прывядзенне ў дзеянне смяротных пакаранняў, і ціск на незалежныя СМІ. Таму і міжнародная супольнасць, і беларускія праваабаронцы бачаць ва УПА магчымы штуршок да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў лепшы бок.